Пантыфік заклікаў да міру ў Судане, Святой Зямлі і Украіне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак нагадаў аб тым, што ўжо на працягу многіх месяцаў у Судане ідзе грамадзянская вайна, “якой не відаць канца”. Яна прывяла “да шматлікіх ахвяр, мільёнаў унутрана перамешчаных асоб і бежанцаў у суседнія краіны, а таксама да вельмі сур'ёзнай гуманітарнай сітуацыі”.
“Мне блізкія пакуты дарагога суданскага народа, і я звяртаюся да мясцовых лідараў з шчырым заклікам палегчыць доступ да гуманітарнай дапамогі і разам з міжнароднай супольнасцю працаваць над пошукам мірных рашэнняў. Давайце не забывацца пра нашых братоў, якія перажываюць цяжкія выпрабаванні”, - сказаў Папа.
Ён прызнаўся, што “кожны дзень думае пра вельмі сур'ёзную сітуацыю ў Ізраілі і ў Палесціне”. “Мне блізкія ўсе тыя, хто пакутуе: і палесцінцы, і ізраільцяне. Абдымаю іх у гэты цёмны момант. Вельмі малюся за іх. Няхай спыніцца бразганне зброяй, якое ніколі не прынясе міру, і няхай канфлікт не разрастаецца. Хопіць, браты, хопіць!” - звярнуўся ён.
На думку Святога Айца, “у сектары Газа неабходна неадкладна аказаць дапамогу пацярпелым, абараніць мірных жыхароў і прапанаваць больш гуманітарнай дапамогі знясіленаму насельніцтву”.
“Няхай вызваляць закладнікаў, сярод якіх шмат старых і дзяцей. Кожны чалавек, хрысціянін, юдэй, мусульманін, незалежна ад нацыянальнасці і рэлігіі, кожны чалавек святы, каштоўны ў вачах Бога і мае права жыць у міры. Не будзем губляць надзеі: трэба маліцца і нястомна працаваць, каб пачуццё гуманізму перамагло над жорсткасцю сэрцаў”, - сказаў ён.
Звяртаючыся да пілігрымаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія прыбылі ў Рым ва ўспамін мучаніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча, Францішак сказаў: “Рады вітаць пілігрымку ўкраінскіх вернікаў і базыльян – я бачу ўкраінскія сцягі – якія прыбылі з розных краін, каб адзначыць чатырохсотую гадавіну мучаніцкай смерці святога Язафата. Малюся з вамі за мір у вашай шматпакутнай краіне. Браты і сёстры, давайце не забывацца аб змучанай Украіне!”