Дубайскі Экспа-Сіці падчас кліматычнага саміту Канферэнцыі ААН па змене клімату (COP28) Дубайскі Экспа-Сіці падчас кліматычнага саміту Канферэнцыі ААН па змене клімату (COP28) 

Папа не паедзе, але Святы Пасад будзе прысутнічаць на COP28

Па просьбе медыкаў Папа не паедзе ў Дубай на кліматычны саміт COP28, які ў пачатку снежня 2023 года склікае ААН. Ён з вялікім шкадаваннем прыняў рашэнне медыкаў. Аднак Святы Пасад на форуме будзе прадстаўлены.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сярод іншых, там будзе прысутнічаць Дзяржсакратардынал П’етра Паралін. Абмяркоўваецца таксама форма магчымага дыстанцыйнага ўдзелу Папы ў мерапрыемстве.

Кардынал Майкл Чэрны, які ўзначальвае Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, падкрэсліў, што ў дэбатах па абароне стварэння важны голас Святога Айца і Апостальскай Сталіцы, бо ад сённяшніх рашэнняў залежыць будучыня чалавецтва. Іерарх лічыць, што кожны ўдзельнік мерапрыемства ў Дубаі павінен прачытаць папскую адгартацыю Laudate Deum аб кліматычным крызісе.

Апошнія даныя ясна паказваюць на тое, што адзін працэнт самых багатых людзей у свеце стварае больш шкодных для клімату выкідаў CO2, чым уся найбяднейшая частка чалавецтва. “У сваёй адгартацыі Папа выразна пытаецца ў іх, якую планету яны хочуць пакінуць сваім нашчадкам”, - сказаў кардынал Чэрны.

У Laudate Deum Святы Айцец непасрэдна звяртаецца да моцных гэтага свету, запрашаючы іх задумацца аб будучыні, якую яны рыхтуюць сваім дзецям і ўнукам. Ён пытаецца, чаму яны хочуць перадаць ім спустошаны свет”, - дадаў іерарх.

Ён выказаў спадзяванне на тое, што “саміт прынясе канкрэтныя палітычныя рашэнні”, і гэта дапаможа супрацьстаяць праблемам, якія стварае само чалавецтва, што з’яўляецца “задачай сённяшняга дня, а не далёкай будучыні”.
 

30 лістапада 2023, 09:51