Павел VI падчас візіту ў Святую Зямлю Павел VI падчас візіту ў Святую Зямлю 

60 гадоў таму Пантыфік здзейсніў сваю першую замежную паездку

60 гадоў таму, 4-6 студзеня 1964 года, Павел VI, абраны паўгодам раней, здзейсніў сваю першую замежную паездку – экуменічны і мірны візіт у Святую Зямлю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пра намер выехаць за межы Ватыкана Пантыфік абвясціў неўзабаве пасля заканчэння другой сесіі Другога Ватыканскага Сабору, у канцы снежня 1963 года. Навіна выклікала вялікі рэзананс не толькі ў Каталіцкім Касцёле, але і ва ўсім свеце. Сродкі масавай інфармацыі апісвалі гэта ў тэрмінах сенсацыя і гістарычная падзея.

Амаль праз 2000 гадоў пасля таго, як апостал Пётр пакінуў Іерусалім і адправіўся ў Рым, яго 262-і наступнік пажадаў вярнуцца ў зямны дом Езуса, - сказаў Павел VI. Паездка павінна была стаць таксама перапрашэннем за грахі падзелу хрысціянства.

Гэта першая ў сучаснай гісторыі папская пілігрымка праходзіла ў вельмі складаных умовах, і на яе планаванне і падрыхтоўку заставалася менш за месяц. Святы Айцец накіраваўся ў адзін з найбольш палітычна гарачых рэгіёнаў свету: дзве краіны, якія ён павінен быў наведаць – Ізраіль і Іарданія – афіцыйна знаходзіліся ў стане вайны, а Іерусалім быў падзелены на дзве часткі амаль герметычнай мяжой. Святы Пасад не падтрымліваў дыпламатычных адносін ні з адной з дзвюх краін, а адносіны Касцёла з юдаізмам не былі нармалізаваныя — гэта адбылося толькі ў канцы Сабору, пасля прыняцця дэкларацыі Nostra aetate.

“Як пілігрымы міру, мы молімся перш за ўсё аб дабры прымірэння паміж чалавекам і Богам і аб глыбокай згодзе паміж людзьмі і народамі”, - сказаў Павел VI, які першым адважыўся гаварыць аб міры з абодвух бакоў ізраільска-арабскай мяжы. Тады ён запэўніў, што ў Касцёле існуюць выключна “думкі добрай волі да ўсіх людзей і ўсіх народаў”.

Падарожжа 60-гадовай даўніны паслужыла стымулам для развіцця экуменізму, а таксама кантактаў з юдаізмам і ісламам.

Варта таксама дадаць, што хоць апостальская пілігрымка Паўла VI лічыцца першай замежнай паездкай Папы ў гісторыі Касцёла, насамрэч яго папярэднікі неаднаразова пакідалі свае ўладанні, але часцей за ўсё пад прымусам.
 

30 снежня 2023, 09:43