Касцёл Святой Сям'і ў Газе Касцёл Святой Сям'і ў Газе 

Дзве жанчыны былі забітыя ў парафіі Святой Сям'і ў Газе

16 снежня 2023 года ізраільскія вайскоўцы адкрылі агонь па людзях, якія выходзілі з каталіцкага касцёла Святой Сям'і ў Газе. Ахвярамі стральбы сталі пажылая жанчына і яе дачка, якая кінулася на дапамогу маці.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміў Лацінскі Патрыярхат Іерусаліма, ізраільскі снайпер забіў дзвюх хрысціянак у парафіі Святой Сям'і, дзе з пачатку вайны хаваецца большасць хрысціянскіх сем'яў. Ахвярамі сталі Нахіда і яе дачка Самар, якія былі застрэленыя на шляху ў кляштар. "Адна з іх была забітая, калі спрабавала перанесці другую ў бяспечнае месца", - гаворыцца ў заяве. Адзначаецца таксама, што "не было ніякага папярэджання, ніякага паведамлення”. Жанчын расстралялі на тэрыторыі парафіі, дзе няма старонніх.

У заяве Патрыярхату таксама паведамляецца, што ракета, выпушчаная раніцай ізраільскімі вайскоўцамі, трапіла ў кляштар сясцёр Маці Тэрэзы, знішчыўшы генератар – адзіную крыніцу электраэнергіі. У выніку моцнага пажару пацярпеў будынак. У кляштары пражывае больш за 54 чалавека з абмежаванымі магчымасцямі, ён з'яўляецца часткай касцёльнага комплексу, які з пачатку вайны быў пазначаны як месца культу", - гаворыцца ў паведамленні.

Пасля будынак быў абстраляны яшчэ дзвюма ракетамі, у выніку чаго дом стаў непрыдатным для пражывання. "54 чалавека з абмежаванымі магчымасцямі ў цяперашні час перамешчаныя і пазбаўленыя доступу да дыхальных апаратаў, якія жыццёва неабходныя некаторым з іх", - гаворыцца ў заяве Патрыярхату.

Падчас начных абстрэлаў касцёльнага комплексу былі параненыя яшчэ тры чалавекі, знішчаныя сонечныя батарэі і рэзервуары для вады, неабходныя для выжывання супольнасці.

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма выказаў блізкасць і спачуванні сем'ям, "пацярпелым ад гэтай бессэнсоўнай трагедыі". У паведамленні гаворыцца, што ён моліцца разам з усёй хрысціянскай супольнасцю, і ў той жа час выказвае неразуменне таго, "як мог быць здзейснены такі напад, тым больш, у час, калі ўвесь Касцёл рыхтуецца да Божага Нараджэння".

17 снежня 2023, 09:13