Іерусалім. Стары горад Іерусалім. Стары горад 

Касцёлы Святой Зямлі заклікаюць спыніць баявыя дзеянні

На фоне вайны на Блізкім Усходзе Патрыярхі і кіраўнікі хрысціянскіх Цэркваў Святой Зямлі асудзілі ўсе акты насілля і заклікалі да спынення баявых дзеянняў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У традыцыйным пасланні на Божае Нараджэнне яны падкрэслілі, што за два з паловай месяцы вайна прынесла неймаверныя пакуты літаральна мільёнам людзей.

Кіраўнікі праваслаўных, католікаў, армян, коптаў, сірыйцаў, пратэстантаў апублікавалі свой зварот, адрасаваны вернікам усяго свету, 21 снежня 2023 года ў Іерусаліме.

“Вайна, якая доўжыцца ўжо 76 дзён, прынесла пакуты і няўцешны смутак незлічоным сем’ям ва ўсім рэгіёне, абудзіўшы спачуванне ва ўсіх частках свету. У гэтых абставінах надзея здаецца далёкай і нават недасяжнай”, - гаворыцца ў тэксце.

“І ўсё ж у такім свеце нават наш Пан нарадзіўся, каб даць нам надзею”, - нагадваецца ў экуменічным закліку, у якім адзначаецца, што сітуацыя 2000-гадовай даўніны недалёкая ад сённяшняй. Калі звярнуцца да біблейскага кантэксту, то ў тыя часы Марыя і Юзаф з цяжкасцю знайшлі месца для нараджэння свайго Сына. У тыя часы таксама адбываліся дзетазабойства і ваенная акупацыя, а Святая Сям’я была вымушана бегчы.

“Здавалася б, не было ніякіх прычын для радасці, акрамя нараджэння самога Пана Езуса. Аднак сярод гэтай сумнай сітуацыі з’явіўся анёл і абвясціў Боскае пасланне надзеі, радасці і супакою для ўсяго свету”, - падкрэслілі кіраўнікі Цэркваў Святой Зямлі ў сваім калядным пасланні.
 

22 снежня 2023, 12:27