Рэканструкцыя сабора Нотр-Дам Рэканструкцыя сабора Нотр-Дам   (AFP or licensors)

Прэзідэнт Францыі запрашае Папу на рэкансэкрацыю Нотр-Дам

Прэзідэнт Французскай Рэспублікі накіруе Святому Айцу запрашэнне на рэкансэкрацыю сабора Нотр-Дам у Парыжы пасля яго рэканструкцыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Эмануэль Макрон абвясціў 8 снежня 2023 года, што запрашае Францішка прыняць удзел у адкрыцці Нотр-Дам дэ Пары, якое запланавана роўна праз год, 8 снежня 2024 года.

"Спадзяюся на гэта, у любым выпадку мы яго запросім”, - адказаў кіраўнік дзяржавы ў інтэрв'ю France 2 на пытанне аб магчымай прысутнасці Пантыфіка. “Запрашэнне будзе перададзена. Але не мне даваць адказ ад яго імя”, - дадаў ён.

15 красавіка 2019 года ў храме адбыўся пажар, які прычыніў велізарную шкоду – абрынуўся дах і частка скляпенняў, а таксама шпіль.

Гэта адзін з самых вядомых сабораў у свеце, у тым ліку дзякуючы раману французскага пісьменніка Віктора Гюго. Ён быў пабудаваны на востраве на рацэ Сена пад назвай Іль-дэ-ла-Сітэ ў 4-й акрузе Парыжа, на месцы двух касцёлаў з IX стагоддзя. Будаўніцтва базілікі заняло больш за 180 гадоў (1163-1345). З 10 жніўня 1806 года ў саборнай скарбніцы захоўваюцца рэліквіі цярновага вянка.
 

09 снежня 2023, 11:05