Пошук

Біскуп Ісідора Мора Біскуп Ісідора Мора   (© Facebook - Diocesi di Siuna)

У Нікарагуа арыштаваны яшчэ адзін біскуп

Біскуп Ісідора Мора быў арыштаваны пасля малітвы за біскупа Раланда Альварэса, асуджанага на 26 гадоў турэмнага зняволення ў лютым 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

20 снежня 2023 года паліцыя Нікарагуа арыштавала біскупа Сіуны Ісідора дэль Кармэн Мору Артэгу. Мансеньёр Мора быў спынены паліцыяй і ваенізаванай групай на шляху ў парафію Ла-Крус-дэ-Рыа-Грандэ, дзе збіраўся ўдзяліць сакрамэнт канфірмацыі. Разам з ім былі арыштаваныя два семінарысты. У цяперашні час іх месцазнаходжанне невядома.

Як паведамляюць незалежныя СМІ са спасылкай на касцёльныя крыніцы, 20 снежня біскуп Мора звярнуўся да вернікаў, якія сабраліся ў саборы святога Пятра, з гаміліяй, у якой адзначыў, што Канферэнцыя Біскупаў Нікарагуа працягвае маліцца за мансеньёра Альварэса. "Мы аб'яднаныя ў малітве за дарагую дыяцэзію Матагальпы, за мансеньёра Раланда і за кожнага з вас. Мы разам у малітве, камуніі, веры, любові і пяшчоце", - сказаў біскуп Мора.

У мінулыя дні выконваючая абавязкі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Нада Аль-Нашыф заявіла, што Нікарагуа "ўсё больш і больш” аддаляецца ад вяршэнства закона, у прыватнасці, “ад фундаментальных свабод, пагаршаючы пакуты людзей, падсілкоўваючы міграцыю моладзі і падрываючы будучыню дэмакратычных інстытутаў". На яе думку, улады Нікарагуа працягваюць "пераслед тых, хто можа ўнесці альтэрнатыўны погляд у грамадскую сферу, такіх як палітычныя лідары і лідары карэнных народаў, члены Каталіцкага Касцёла, актывісты і журналісты”. У гэтым кантэксце працягваюцца "абмежаванні грамадзянскай прасторы, з неаднаразовымі выпадкамі адвольнага затрымання тых, хто ажыццяўляе свае фундаментальныя свабоды", - падкрэсліла прадстаўніца ААН.

23 снежня 2023, 12:36