Аргенціна: Прэзідэнт афіцыйна запрасіў Папу наведаць Радзіму
Прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей запрасіў Святога Айца наведаць Радзіму.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Ваша Святасць добра ведае, што Вам не патрэбна запрашэнне, каб прыехаць у Аргенціну. Рызыкуючы сказаць нешта непатрэбнае, запрашаю Вас, Святы Айцец, наведаць нашу любімую Радзіму”, - напісаў аргенцінскі лідар. Ён аддаў ініцыятыву ў рукі Францішка, калі гаворка ідзе пра вызначэнне дат і месц пілігрымкі. Перадаючы “сыноўнюю прыхільнасць”, Мілей нагадаў пра “ўсеагульнае жаданне гарадоў, правінцый і вёсак” у Аргенціне прыняць Святога Айца ў сябе.
Папа яшчэ не наведваў Аргенціны з моманту свайго абрання на Пасад святога Пятра ў 2013 годзе.
12 студзеня 2024, 10:20