Патрыярх Тавадрас II Патрыярх Тавадрас II  

Егіпет: рэлігійныя лідары рыхтуюць сумесную заяву па Газе

Вялікі імам каірскага ўніверсітэта Аль-Азхар шэйх Ахмед эль-Таеб і копцкі Патрыярх Тавадрас II маюць намер сумесна пракаментаваць праблему вайны на Блізкім Усходзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Для гэтага будзе створана спецыяльная група, у якую ўвойдуць прадстаўнікі хрысціян і мусульман, паведаміла выданне Egypt Today. Яна выпрацуе агульную пазіцыю па падтрымцы палесцінцаў у Газе.

На сустрэчы з Патрыярхам Тавадрасам 3 студзеня 2024 года імам эль-Таеб асудзіў ізраільскія атакі і казаў пра “знішчэнне нявінных грамадзян”. Ён таксама абвінаваціў міжнародную супольнасць у бяздзейным назіранні за генацыдам. Аналагічным чынам выказаўся і копцкі Папа.

Копты – самая вялікая хрысціянская супольнасць у Егіпце. Колькасць вернікаў старажытнай Усходняй Царквы складае ад васьмі да дванаццаці мільёнаў на сто мільёнаў жыхароў краіны. У сваю чаргу, Вялікі імам універсітэта Аль-Азхар лічыцца вышэйшай юрыдычнай уладай сярод мусульман-сунітаў.
 

05 студзеня 2024, 08:32