Папскі фонд вылучыў 500 тысяч еўра для хрысціян ў сектары Газа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У заяве, апублікаванай 10 студзеня 2024 года, было абвешчана, што Фонд пералічыць гэту суму Лацінскаму Патрыярхату Іерусаліма.
Марка Менкалія, кіраўнік праекта, адзначыў, што хоць баі адбываюцца ў сектары Газа, “наступствы вайны адчуваюцца ва ўсім рэгіёне”. Ахвярамі сталі таксама хрысціяне. Хоць яны і лічацца меншасцю – гэта значная група: прыблізна 45 тысяч на Заходнім беразе і 10 тысяч ва Усходнім Іерусаліме.
Па словах дабрачынцы, хрысціянская супольнасць у Святой Зямлі перажывае сур’ёзныя эканамічныя цяжкасці “прынамсі ў трэці раз” за дваццаць гадоў: хрысціяне моцна пацярпелі ў выніку пастаянных баявых дзеянняў паміж Ізраілем і Хезбалой, "зусім нядаўна падчас пандэміі каронавіруса і цяпер з прычыны вайны ў Газе". Акрамя таго, нічога не паказвае на тое, што вайна хутка скончыцца і турысты змогуць вярнуцца ў Святую Зямлю.
Большая частка хрысціянскай супольнасці ў Святой Зямлі працуе ў сферы турызму і страціла ўсе крыніцы даходу, паколькі амаль усе паломніцтвы ў рэгіён былі адменены. Таму Дапамога Касцёлу ў патрэбе падтрымае навучальныя праграмы, якія дадуць маладым хрысціянам новую прафесійную кваліфікацыю і, такім чынам, палепшаць іх магчымасці працаўладкавання і адкрыцця ўласнага бізнесу.
Пакет дапамогі ўключае ў сябе лекі, талоны на харчаванне і дапамогу ў аплаце навучання ў каледжах і універсітэтах і выдаткаў на жыллё.
З пачатку баявых дзеянняў у кастрычніку 2023 года папская асацыяцыя змагла вылучыць амаль 700 тысяч еўра. З гэтай сумы 300 тысяч еўра было выдаткавана на падтрымку прыкладна адной тысячы хрысціян, якія ўсё яшчэ жывуць у сектары Газа. Астатнюю частку прызначылі хрысціянскім сем'ям на Заходнім беразе ракі Іардан і ва Усходнім Іерусаліме, якія пацярпелі ад працяглага канфлікту ў сектары Газа.