Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох  

Кох: цяжка зразумець пазіцыю расійскіх праваслаўных па Украіне

Нядаўнія заявы Папы Францішка па вайне ва Украіне складана зразумець без разгляду агульнага кантэксту, - заўважыў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю аўстрыйскаму штодзённіку Kurier, на якое спасылаецца каталіцкае агенцтва Kathpress, кардынал Курт Кох падкрэсліў, што Папа адмыслова звярнуўся да журналіста і адказаў на яго пытанне, сказаўшы пра "белы сцяг".

“Няма сумневу, што Францішак вельмі пакутуе ад таго, што гэта вайна не заканчваецца і вядзе да настолькі шматлікіх ахвяр, таму ён пытаецца ў сябе, як можна яе скончыць. Гэта яго клопат”, - сказаў іерарх, які на мінулым тыдні ўдзельнічаў у святкаванні 60-годдзя фонду Pro Oriente у Вене.

“Калі паглядзець на ўсе выказванні Францішка па вайне, то ён амаль заўсёды кажа пра прыгнечаную Украіну. Адназначна, нельга казаць, што ён на баку Расіі, хутчэй, ён на баку ахвяр. (...) Больш за тое, Папа зрабіў канкрэтную прапанову аб пасрэдніцтве. Той, хто хоча быць пасрэднікам, павінен пакінуць дзверы адчыненымі, нават калі гэта можа быць няправільна вытлумачана”, - лічыць кардынал.

Кох прызнаўся, што Святому Пасаду цяжка зразумець пазіцыю расійскіх праваслаўных па вайне, “тым больш, што хрысціяне, у тым ліку і праваслаўныя, забіваюць адно аднаго. І гэта жудаснае пасланне для свету, якое шкодзіць хрысціянству ў цэлым”.
 

18 сакавіка 2024, 10:34