Пратэсты на Кубе Пратэсты на Кубе  (AFP or licensors)

Кубінскі арцыбіскуп: голад выганяе людзей на вуліцы

Нарастаючы голад на Кубе і спадарожныя яму адчай і пачуццё безвыходнасці выганяюць людзей на вуліцы. Сітуацыю італьянскаму агенцтву SIR пракаментаваў Мітрапаліт Сант’яга-дэ-Куба.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Дыянісіа Гільерма Гарсія Ібаньес лічыць, што выйсці з гэтай драматычнай сітуацыі без перамен, якія прывялі б народ да “вызначэння сваёй будучыні”, будзе цяжка. Менавіта ў яго горадзе на паўднёвым усходзе краіны 17 сакавіка 2024 года прайшлі стыхійныя выступленні мясцовага насельніцтва, якія затым ахапілі ўсю краіну.

Гэта першыя сур'ёзныя праявы сацыяльнай незадаволенасці сітуацыяй на Кубе з 2021 года, калі ў многіх гарадах прайшлі дэманстрацыі супраць улад. Тады сілы бяспекі адказалі жорсткімі рэпрэсіямі. Цяпер, прынамсі пакуль, паліцыя спрабуе кантраляваць сітуацыю, але неапраўданай агрэсіі супраць дэманстрантаў няма, а арыштавана пакуль толькі пяць чалавек.

Па словах пастыра архідыяцэзіі Сант'яга дэ Куба, сітуацыя ў 2023 годзе была складаней, чым у папярэднія гады, а ў пачатку 2024 года стала яшчэ горш, і жыхары фактычна апынуліся перад галоднай смерцю.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Кубы 10 снежня 2023 года апублікавала пасланне, у якім заахвочвала: “Мы ўсе павінны з пачуццём адказнасці і прыхільнасці ствараць рэальныя магчымасці для кубінскага народа, каб ён мог цалкам раскрыць свой патэнцыял”. Гучаў таксама заклік “знайсці прастору і свабоду на нашай Радзіме для развіцця асабістых, сямейных і грамадскіх праектаў”. Цяпер гэты зварот яшчэ больш актуальны і неабходны, падкрэсліў суразмоўца агенцтва.

Ён адзначыў, што ў апошнія тыдні сітуацыя яшчэ больш абвастрылася, напрыклад, назіраецца дэфіцыт цукру, што здаецца малаверагодным, улічваючы, што гэта асноўная культура ў краіне, вядомай ва ўсім свеце па вытворчасці гэтага прадукту.

Арцыбіскуп Гарсія заўважыў, што нядаўнія дэманстрацыі, якія стыхійна і мірна пачаліся ў сталіцы яго архідыяцэзіі, а потым перакінуліся на іншыя гарады, з’яўляюцца вынікам названых вышэй праблем. “Гэта выбар, прадыктаваны адчаем, развіццём сітуацыі, якая, з аднаго боку, зацягваецца ў часе, а з іншага – не мае перспектыў на будучыню, ці, прынамсі, так здаецца”, - сказаў 62-гадовы іерарх. Пры гэтым ён прызнаўся, што пакуль не бачыць выйсця.

Прымас Кубы нагадаў, што епіскапат заўсёды адкрыта размаўляў з урадам і на працягу многіх гадоў дзяліўся з ім сваім меркаваннем адносна будучыні краіны. "Мы са сваім народам, мы яго частка. Я лічу, што самае галоўнае, што мы павінны рабіць, – гэта разам шукаць рашэння праблем", - сказаў ён.

Суразмоўца агенцтва адзначыў, што не з'яўляецца экспертам у эканоміцы і не хоча даваць рэцэпты ў гэтай галіне, але, дадаў ён, “мы павінны так ставіцца да людзей, каб адчувалася адказнасць за іх і за сваю будучыню”. Таму што інакш, на думку арцыбіскупа Гарсіі, “усё пагражае развалам”.
 

25 сакавіка 2024, 10:05