Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас, нунцый ва Украіне Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас, нунцый ва Украіне 

Нунцый раскрытыкаваў журналіста, які браў інтэрв’ю ў Папы

Апостальскі нунцый у Кіеве, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас стаў у абароне пазіцыі Папы Францішка адносна вайны ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю італьянскай La Repubblica дыпламат літоўскага паходжання раскрытыкаваў журналіста, які браў інтэрв’ю і які ўжыў словазлучэнне белы сцяг.

“Чаму ён пачынае з ахвяры, з таго, на каго напалі? Што гэта за пытанне?” - сказаў нунцый, калі яго папрасілі пракаментаваць інтэрв'ю Францішка швейцарскай тэлерадыёкампаніі RSI, частка якога была апублікавана 9 сакавіка 2024 года.

“Папа падхапіў гэтую фразу і патлумачыў у сваім адказе, што перамовы ніколі не з'яўляюцца капітуляцыяй”, - растлумачыў арцыбіскуп Кульбокас. Калі б інтэрв'юер спытаў Святога Айца пра Расію, адказ быў бы: “Не трэба забіваць і не трэба высылаць ва Украіну салдат, ракеты і беспілотнікі!”.

Іерарх заўважыў, што тэма магчымых перамоў, якую ўзняў Пантыфік, абмяркоўваецца і ва ўкраінскіх палітыцы і грамадстве. “Ва Украіне людзі пытаюцца, якая альтэрнатыва прывядзе да большых ахвяр? Украінцы са сваёй гісторыі ведаюць, колькі каштуе падпарадкаванне. Сюды ўваходзяць і асабістыя пакуты, і калектыўная катастрофа Галадамору – вялікага голаду, які выклікаў Сталін. Таму ва Украіне пытаюцца: больш людзей загіне, калі мы супрацьстаім прыгнятальніку, ці калі мы дамовімся? І калі так, то якая гэта будзе дамова? Гаворка не ідзе пра тое, каб здацца”, - сказаў нунцый.

Кульбокас падкрэсліў, што запрашэнне да дыялогу з’яўляецца часткай місіі Святога Пасада. “Мы запрашаем да адкрытасці і дыялогу паміж народамі, і Папа хацеў падкрэсліць гэты аспект. Дыялог – гэта шлях да пераадолення нават самых вялікіх перашкод”, - заявіў апостальскі нунцый ва Украіне.
 

12 сакавіка 2024, 12:23