Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад пра міжнароднае пасрэдніцтва ў сектары Газа

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер раскрытыкаваў сусветную абыякавасць да сітуацыі ў Газе і заклікаў міжнародную супольнасць да больш актыўнага пошуку вырашэння канфлікту шляхам перамоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Гэтая вайна доўжыцца ўжо некалькі месяцаў. Існуе абсалютная і тэрміновая неабходнасць пасрэдніцтва”, - заявіў сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі 2 сакавіка 2024 года падчас панэльнай дыскусіі на Дыпламатычным форуме ў турэцкай Анталіі.

Як паведамляе інфармацыйны партал haberikra.com, іерарх выказаў занепакоенасць працягам ізраільскіх атак у сектары Газа і перасцярог ад далейшай эскалацыі. Перамовы па ўрэгуляванні канфлікту пастаянна правальваюцца з прычыны нежадання ўцягнутых бакоў ісці на саступкі. Галахер заклікаў да ўдзелу ў мірных намаганнях большай колькасці міжнародных пасрэднікаў.

У форуме, які праходзіў у Анталіі 1-3 сакавіка 2024 года пад патранажам прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана і па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Турцыі, прымалі ўдзел 4600 палітыкаў, дыпламатаў, бізнесменаў і навукоўцаў з 110 краін, у тым ліку больш за 20 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў і 60 міністраў замежных спраў. Сёлетні дэвіз – Развіццё дыпламатыі ў часы ўзрушэнняў.

Арцыбіскуп Галахер сустрэўся з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем І
Арцыбіскуп Галахер сустрэўся з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем І

Арцыбіскуп Галахер падчас свайго прабывання ў Турцыі ўзначаліў Імшу ў катэдры Духа Святога ў Стамбуле. У гаміліі ён нагадаў, між іншым, пра незлічоную колькасць нявінных людзей, якія пакутуюць сёння ў войнах і канфліктах.

“Нягледзячы на пакуты Езуса, Яго пасланне поўнае надзеі, таму што ў канцы Яго місіі – не смерць, а жыццё. Таму мы, Яго вучні, як і наш Настаўнік, не можам шукаць поспеху, але выключна Божай волі, ставячы сябе на служэнні іншым, робячы сябе малымі і аддаючы сваё жыццё за іншых”, - сказаў іерарх. Ён прызнаў, што “гэта часта азначае прыніжэнне і паразу перад іншымі, але з’яўляецца адзіным шляхам для кожнага сапраўднага вучня Езуса Хрыста”.

“Мы ведаем, што Дух Святы разбурае нашы планы і праекты, але рухае Касцёл наперад. Касцёл – гэта адзінства ў разнастайнасці”, - звярнуў увагу прадстаўнік вышэйшага кіраўніцтва дыпламатыі Святога Пасада.

29 лютага 2024 года Арцыбіскуп Галахер сустрэўся з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем І, які ў гэты дзень адзначаў свой дзень нараджэння. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел Мітрапаліт Халкідонскі Эмануіл і арцыбіскуп Марэк Салчынскі, апостальскі нунцый у Турцыі, Азербайджане і Туркменістане.
 

04 сакавіка 2024, 12:27