Ferrero Rocher – шакалад, натхнёны Маці Божай Лурдскай
Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Шмат хто добра ведае шакаладныя цукеркі Ferrero Rocher, але пра сувязь гэтай кандытарскай кампаніі з Маці Божай Лурдскай вядома менш.
Заснавальнік кампаніі Мікеле Ферэра не толькі прысвяціў сваю дзейнасць Багародзіцы, але і назваў сваю кампанію ў гонар скалістага грота Рашэ-дэ-Масаб'ель, таго самага месца ў Лурдзе, дзе святой Бернадэце аб’явілася Марыя. Слова rocher у перакладзе з французскага азначае скала, валун. Па задуме Ферэра, няроўная хрусткая глазура цукеркі і такая ж няроўная залатая абгортка павінны нагадваць тую самую скалу, горны грот у Лурдзе, які меў асаблівае значэнне для кандытара.
Святкуючы 50-годдзе заснавання кампаніі, Ферэра сказаў: "Поспехам мы абавязаны Маці Божай Лурдскай. Без яе мы мала што змаглі б зрабіць". Пра гэта піша Франчэска Поліа Фэнтон у CNA.
У інтэрв'ю іспанскаму агенцтву ACI Prensa капелан лурдскай святыні, айцец Маўрысіа Эліяс сказаў: "Спадар Ферэра быў вельмі адданы Лурдскай Божай Маці. Ён часта прыязджаў у Лурд і быў дабрачынцам. Ён спавядаўся, вёў хрысціянскае жыццё".
Ферэра штогод здзяйсняў пілігрымку ў Лурд, а таксама арганізоўваў паездкі для сваіх супрацоўнікаў. Акрамя таго, у кожнай з яго 14 фабрык па ўсім свеце стаяла статуя Лурдскай Божай Маці.
Ферэра памёр у 2015 годзе ва ўзросце 89 гадоў. Незадоўга да яго смерці санктуарый у Лурдзе пацярпеў ад паводкі. Італьянскі прадпрымальнік паабяцаў “вялікае ахвяраванне, каб аднавіць тое, што было страчана". Пасля яго смерці дзеці выканалі абяцанне бацькі і дапамаглі з аднаўленчымі работамі.