Капелан турмы Джудэка: візіт Папы – жэст чалавечнасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
28 красавіка 2024 года Францішак здзейсніць візіт у Венецыю, у рамках якога наведае павільён Апостальскай Сталіцы на 60-й Міжнароднай мастацкай выставе – La Biennale di Venezia. Ён быў адкрыты ў мясцовай жаночай турме на востраве Джудэка і мае на мэце прыцягнуць увагу да правоў і сітуацыі людзей, якія знаходзяцца на экзістэнцыяльных перыферыях свету.
Гідамі будуць чатыры жанчыны, якія былі асуджаны за злачынствы і адбываюць перыяд абмежавання свабоды, пасля таго як выйшлі з турмы. “Яны вельмі рады паўдзельнічаць у гэтай культурнай ініцыятыве, але таксама адрадзіць сваю чалавечнасць, даказаць сваю чалавечнасць, адноўленую пасля адбыцця пакарання”, - сказаў святар.
Вялікай прычынай для радасці зняволеных будзе таксама візіт Святога Айца, які вырашыў сваімі вачыма ўбачыць выставу, арганізаваную на біенале ватыканскай Дыкастэрыяй па справах культуры і адукацыі, а таксама сустрэцца з жанчынамі, якія адбываюць пакаранне ў гэтай пэнітэнцыярнай установе.
“Вочы, скіраваныя на маргіналізаваных – гэта добры ўчынак у адносінах да іх, гэта нагода паставіць іх у цэнтр свету, які звычайна не хоча бачыць іх”, - падкрэсліў ксёндз Антоніа Б’янкота. Ён распавёў, што зняволеныя дапамагалі ў падрыхтоўцы павільёна – яны ўдзельнічалі ў стварэнні твораў мастацтва, некаторыя з якіх натхнёныя іх здымкамі, паэзіяй і прадугледвжаюць іх удзел у харэаграфічных нумарах.
“Прынесці мастацтва ў турму – гэта рэвалюцыйны ўчынак, мэта якога – прынесці прыгажосць у звычайна непрыгожае месца”, - сказаў святар. Ён нагадаў, што для наведвання выставы трэба будзе пакінуць звонку мабільны тэлефон, як пры візіце ў кожную выпраўленчую ўстанову, а гэта “правільны спосаб стаць перад мастацтвам”.