Біскуп Аўгсбургскі Бертрам Маер Біскуп Аўгсбургскі Бертрам Маер 

Прадстаўнік нямецкага епіскапату з візітам салідарнасці ў Кіеве

Другі раз з пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны ў сталіцу краіны прыбыў Біскуп Аўгсбургскі Бертрам Маер, адказны за адносіны з Паўсюдным Касцёлам у епіскапаце Германіі. Мэта візіту – сустрэчы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Запланаваныя перамовы з кіраўніком Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, архіепіскапам Святаславам Шаўчуком і іншымі прадстаўнікамі гэтай Царквы і мясцовай Caritas. Запланаваны таксама сустрэчы з апостальскім нунцыем ва Украіне, арцыбіскупам Вісвальдасам Кульбокасам і іерархамі Праваслаўных Цэркваў.

Завершыцца праграма наведваннем могілак у Броварах. Біскуп Мэер і яго дэлегацыя сустрэнуцца там са сваякамі загінулых салдат. У аўторак 9 красавіка 2024 года іерарха чакаюць у Львове, дзе пройдзе сустрэча з арцыбіскупам Мечыславам Макшыцкім.

Біскуп Маер ужо быў у Кіеве і іншых месцах праз некалькі месяцаў пасля пачатку расійскай вайны супраць Украіны 2-4 чэрвеня 2022 года. Для іерарха вяртанне ва Украіну пасля амаль двух гадоў, як прызнаўся ён сам, было натуральным выразам салідарнасці Касцёла ў Германіі з прыгнечаным народам і супрацоўніцтва з касцёльнымі партнёрамі, што мае вялікае значэнне, асабліва ў часы крызісу.
 

08 красавіка 2024, 10:55