Ксёндз Томас Шварц, выканаўчы дырэктар Renovabis Ксёндз Томас Шварц, выканаўчы дырэктар Renovabis 

Renovabis звярнулася да ЕC з просьбай абараніць Арменію

Renovabis – нямецкая арганізацыя дапамогі католікам ва Усходняй Еўропе – звярнулася да Еўрасаюза з просьбай абараніць Арменію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“У цяперашняй сітуацыі Еўрапейскі саюз павінен тэрмінова выкарыстаць усе свае магчымасці, каб нарэшце стварыць эфектыўную і працяглую абарону для армян і іх культурнай спадчыны і паказаць Азербайджану выразныя межы”, - сказаў у Фрайзінгу выканаўчы дырэктар арганізацыі, ксёндз Томас Шварц.

Ён падкрэсліў, што гэта ўключае ў сябе падаўжэнне місіі грамадзянскага маніторынгу ЕС, а таксама "недвухсэнсоўныя пагрозы санкцый супраць Азербайджана, калі Баку не будзе актыўна і пераканаўча спрыяць дээскалацыі і стабілізацыі стасункаў з Арменіяй". На думку дырэктара Renovabis, існуе рызыка ваеннай агрэсіі ў парушэнне міжнароднага права і новага наступу Азербайджана.

“Улічваючы шматлікія пакуты армян у мінулым і сучаснасці, міжнародная супольнасць павінна зрабіць так, каб Арменія ў доўгатэрміновай перспектыве не стала нацыяй-ахвярай”, - сказаў нямецкі святар. Ён падкрэсліў, што "людзі, якія жывуць там, павінны знайсці сваё законнае месца ў мірнай сям'і народаў", а “народ Арменіі не павінен турбавацца аб тэрытарыяльнай цэласнасці сваёй Радзімы або баяцца за сваё існаванне.
 

26 красавіка 2024, 12:31