FILES-FRANCE-OLY-PARIS-2024-PROMOTIONAL MATERIAL

Рым: спыніць войны падчас Алімпійскіх гульняў і Святога года

Удзельнікі форуму, які адбыўся ў Папскім універсітэце Антаніянум у Рыме, выступілі з заклікам спыніць войны падчас Алімпійскіх гульняў і Святога 2025 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Канферэнцыя, арганізаваная пад патранажам Алімпійскага камітэта Італіі, стала магчымасцю падкрэсліць ролю спорту як інструмента, які эфектыўна спрыяе сацыяльнаму прагрэсу і ўстойліваму развіццю. “Нам неабходна пабудаваць новую парадыгму міру і развіцця”, - сказаў Марыё Пескантэ з Алімпійскага камітэта ў інтэрв'ю Vatican News.

“Сувязь паміж спортам і мірам налічвае тысячагоддзі. Адданасць гэтай справе цяпер асабліва важная. Да Алімпійскіх гульняў у Парыжы засталося 100 дзён, існуе вельмі моцная напружанасць, і алімпійскі свет занепакоены тым, што гульні зноў будуць праходзіць у кантэксце санкцый супраць розных краін”, - заўважыў Пескантэ. На яго думку, нельга выпускаць з-пад увагі беспрэцэдэнтны момант у гісторыі Алімпійскіх гульняў.

29 сакавіка 2024 года ААН прагаласавала за алімпійскае перамір'е, аднак упершыню ў гісторыі былі галасы супраць. “Мы павінны дапамагаць адно аднаму ў гэтай нялёгкай барацьбе. Сёлета ў нас Алімпійскія гульні, у наступным – Юбілейны 2025 год, гэта дзве розныя падзеі, але яны аб’яднаны здольнасцю глыбока ўмацаваць мір”, - лічыць Пескантэ.

Ён адзначыў, што Алімпіяда – гэта перш за ўсё сустрэча маладога пакалення, якая абуджае надзею, а Святы Год – выдатная магчымасць для адраджэння Рыма, на што многія спадзяюцца пасля шматлікіх няўдач.
 

10 красавіка 2024, 09:24