2019.06.06 Eutanasia

Шатландыя: біскупы заклікаюць не дапусціць легалізацыі эўтаназіі

У пастырскім лісце, скіраваным да ўсіх католікаў, біскупы Шатландыі просяць іх заклікаць сваіх дэпутатаў адхіліць нядаўна апублікаваныя прапановы па легалізацыі так званага дапаможнага самагубства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ліст будзе прачытаны ва ўсіх 460 каталіцкіх парафіях Шатландыі падчас святых Імшаў 27 і 28 красавіка 2024 года.

Іерархі назвалі прапанову прадстаўніка лібералаў Ліама Макартура "небяспечнай" і заклікалі дэпутатаў засяродзіць сваю энергію на паляпшэнні паліятыўнай дапамогі, якая, на іх думку, "недастаткова фінансуецца і абмяжоўваецца".

У лісце біскупы заявілі, што закон, які “дазваляе нам забіваць нашых братоў і сясцёр, вядзе да небяспечнай спіралі, што заўсёды ставіць пад пагрозу найбольш уразлівых членаў нашага грамадства, у тым ліку пажылых людзей і інвалідаў, а таксама тых, хто мае праблемы з псіхічным здароўем”.

Яны прывялі ў прыклад сітуацыі ў тых рэгіёнах, дзе эўтаназія легалізаваная, і дзе, як у амерыканскім штаце Арэгон, палова тых, хто выбірае так зване дапаможнае самагубства, робяць гэта таму, што лічаць сябе цяжарам для сваіх сем'яў, суполак і сістэмы аховы здароўя.

Шатландскія біскупы адзначаюць, што “калі ўразлівыя людзі, у тым ліку пажылыя і інваліды, выказваюць занепакоенасць тым, што яны з’яўляюцца цяжарам, правільным адказам будзе не меркаванне аб іх абавязку памерці, але абавязацельства задаволіць іх патрэбы і гарантаваць клопат і спагаду, неабходныя ім, каб дапамагчы ім жыць”.

Шатландскія іерархі падкрэслілі: “Хоць наша грамадства і так характарызуецца вялікай няроўнасцю, нам не трэба, каб дапаможнае самагубства аказвала невыносны ціск на самых абяздоленых, якія не маюць права голасу ў гэтых дэбатах".
 

26 красавіка 2024, 12:48