Асірыйская царква Добрага Пастыра ў прыгарадзе Сіднэя Асірыйская царква Добрага Пастыра ў прыгарадзе Сіднэя   (AFP or licensors)

Сіднэй: чалавек з нажом напаў на біскупа падчас набажэнства

У Сіднэі ўзброены нажом чалавек напаў на асірыйскага епіскапа, які каментаваў Божае Слова. У выніку нападу пацярпелі некалькі чалавек.

Аляксандр Амяльчэня - Vatiacan News

У паліцыі падкрэсліваюць, што ўсім пацярпелым аказана медыцынская дапамога, і нікому з іх не пагражае смерць ад атрыманых траўмаў. 16-гадовы падлетак, які ўчыніў напад, знаходзіцца пад вартай.

Набажэнства ў асірыйскай царкве Добрага Пастыра ў прыгарадзе Сіднэя трансліравалася ў сацыяльных сетках. Напад адбыўся 15 красавіка 2024 года каля 19.15 па мясцовым часе. Ахвярай нападніка, хутчэй за ўсё, стаў епіскап Мар Мары Эмануэль, які вёў Асірыйскую біблейскую пропаведзь. Аднак афіцыйнай заявы з гэтай нагоды дагэтуль няма.

Відавочцы кажуць, што да епіскапа раптоўна падышоў мужчына, дастаў нож і ўдарыў яго ў твар. Затым ён нанёс яшчэ некалькі ўдараў у грудзі. У храме пачалася паніка. Гэта справакавала беспарадкі, падчас якіх, па паведамленнях СМІ, пацярпелі некалькі афіцэраў паліцыі.

Напад з нажом на біскупа быў тэрарыстычным актам, як мяркуецца, матываваным рэлігійным экстрэмізмам, - заявіла камісар паліцыі штата Новы Паўднёвы Уэльс Карэн Уэб у эфіры тэлеканала ABC. На гэтай стадыі расследавання мяркуецца, што нападнік дзейнічаў у адзіночку.

Парафія Хрыста Добрага Пастыра, дзе адбыўся напад, у сваёй заяве назвала тое, што здарылася "адзінкавым інцыдэнтам" і падкрэсліла, што "асуджае любую помсту".

Экстранныя службы Сіднэя паведамілі, што пасля беспарадкаў каля храма яны аказалі дапамогу прыкладна 30 людзям, сямёра былі дастаўлены ў бальніцы з траўмамі.

Гэта другі ўзброены напад усяго за тры дні ў самым густанаселеным горадзе Аўстраліі. Шэсць чалавек былі забітыя і дванаццаць параненыя ў выніку нападу ў гандлёвым цэнтры ў суботу, 13 красавіка 2024 года.
 

16 красавіка 2024, 10:29