У Бельгіі рыхтуецца чарговы наступ энтузіястаў эўтаназіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На мінулым тыдні ў фламандскай прэсе Люк Ван Горп распачаў дэбаты аб так званым дапаможным самагубстве для пажылых людзей. У прыватнасці, кіраўнік страхавой кампаніі спаслаўся на фінансавую нагрузку на сістэму аховы здароўя, звязаную з доглядам за пажылымі і асобамі, якія часта хварэюць. У дзвюх газетах ён прапанаваў радыкальнае вырашэнне “пытання старэння грамадства” – “у тых, хто стаміўся ад жыцця, павінна быць магчымасць рэалізаваць сваё жаданне скончыць яго”.
На думку Ван Горпа, “нельга падаўжаць жыццё тым, хто сам гэтага ўжо не хоча, паколькі гэта пытанне бюджэту і каштуе дзяржаве вялікіх грошай”, таксама ў старэючых еўрапейскіх грамадствах не хапае неабходнага персаналу для догляду.
Бельгійскія біскупы прызналі, што выклікі ў гэтай сферы значныя і фінансавыя рэсурсы не бязмежныя. Аднак, як напісалі яны ў адмысловай заяве, у сапраўды гуманным грамадстве выбар не можа рабіцца за кошт людзей, якія маюць патрэбу ў доглядзе.
Іерархі выступілі катэгарычна супраць уключэння эўтаназіі ў якасці варыянту вырашэння “праблемы” медыцынскай дапамогі ў канцы жыцця. “Чалавечая годнасць з’яўляецца святой, гэта фундаментальная апора кожнага чалавечага грамадства, годнага такога імя”, - падкрэслілі бельгійскія каталіцкія іерархі, называючы эўтаназію “для стомленых ад жыцця людзей” жахлівай прапановай.