Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі  (Afp or licensors)

Англікане ўступілі ў ватыканскі этычна-тэхналагічны альянс

30 красавіка 2024 года на цырымоніі ў Рыме Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі падпісаў Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту, ініцыяваны Святым Пасадам.

У 2020 годзе Папская акадэмія жыцця разам з ІТ-кампаніямі падпісала этычную дэкларацыю па штучным інтэлекце, які назвалі Рымскім заклікам. Дакумент накіраваны на развіццё пачуцця сумеснай адказнасці за чалавечую годнасць ва ўмовах хуткага тэхналагічнага прагрэсу. Каб гарантаваць, што кожны, незалежна ад свайго паходжання, можа скарыстацца гэтымі дасягненнямі, рэлігіі, міжнародныя арганізацыі, урады, установы і прыватны сектар павінны працаваць разам. Дакумент заклікае да этычнага развіцця штучнага інтэлекту, які служыць чалавецтву, а не прыбытку, процідзейнічае паступоваму выцясненню людзей з працоўных месцаў і спрыяе павазе да планеты.

“Мы рады, што Рымскі заклік можа зрабіць яшчэ адзін крок наперад у сваім пашырэнні, вітаючы нашых англіканскіх братоў і сясцёр”, - сказаў арцыбіскуп Вінчэнцы Палья, старшыня Папскай акадэміі жыцця і Фонду RenAIssance. Ён прысутнічаў на цырымоніі ў Рыме. “Калі разважанне і дыялог па пытаннях тэхналагічнага развіцця праходзяць у духу братэрства, можна знайсці агульныя шляхі і эфектыўныя рашэнні для будавання міру і агульнага дабра”, - адзначыў іерарх.

Нагадаем, што Папа Францішак возьме ўдзел у саміце Вялікай сямёркі ў італьянскай Апуліі, які пройдзе ў сярэдзіне чэрвеня. Ён выступіць там на сесіі па штучным інтэлекце, адкрытай для краін, якія не ўваходзяць у Групу.
 

01 мая 2024, 11:30