Кардынал Жан-Клод Олерыш Кардынал Жан-Клод Олерыш   (Vatican Media)

Олерыш: калі Еўропа працягне ў тым жа духу, яе зненавідзяць

Для кардынала Жан-Клода Олерыша новы фашызм у Еўропе – гэта рэальнасць. “Ён ужо тут”, - сказаў іерарх у інтэрв'ю французскаму La Croix 23 мая 2024 года ў Рыме.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На думку арцыбіскупа Люксембургскага, кіруючая партыя ў Італіі з'яўляецца постфашысцкай. “Мяне гэта палохае, тым больш, што я паходжу з сям'і, дзе ўсе былі ўдзельнікамі супраціву”, - прызнаўся былы старшыня Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE).

Улічваючы чаканую нізкую яўку на еўрапейскіх выбарах, іерарх папярэдзіў, што “мы прызвычаіліся да Еўрасаюза”. Мы больш не ўсведамляем яго пераваг і палітычнай волі, якая стаіць за ім.

Дэмакратыя каштоўная і яе трэба падтрымліваць, - заўважыў кардынал Олерыш. У той жа час Еўропа знаходзіцца ў крызісе. Эканомікі перажываюць стагнацыю, што выклікае непакой. У складаным свеце папулізм дае простыя тлумачэнні, якія падабаюцца тым, хто баіцца страціць сваю ідэнтычнасць, - патлумачыў ён.

“Вядома, Еўропа і Захад больш не знаходзяцца ў цэнтры свету”, - адзначыў арцыбіскуп Люксембургскі. І вайна ва Украіне дэманструе гэта: Захад не здольны стварыць глабальную кааліцыю супраць Расіі. Адначасова кантынент губляе сваю рэпутацыю і на іншай сцэне.

Па словах кардынала, які ўваходзіць у склад групы бліжэйшых дарадчыкаў Папы, “новы еўрапейскі пакт аб іміграцыі – гэта катастрофа”. “Мы забываемся на правы чалавека. Вядома, мы не можам прыняць усіх мігрантаў. Але мы заўсёды павінны ставіцца да людзей так, каб прызнаваць іх чалавечую годнасць”, - звярнуў увагу ён.

Езуіт назваў былую каланіяльную палітыку Францыі ў Афрыцы катастрафічнай, і "ў Англіі яна была не нашмат лепшай". Сёння Еўропа расплачваецца за гэта: людзі перасталі верыць у еўрапейскія каштоўнасці. “Нягледзячы на ўсё, мы па-ранейшаму размаўляем з іншымі, як настаўнік размаўляе са сваімі вучнямі”, - сказаў кардынал, які прадстаўляе Еўропу ў Радзе кардыналаў пры Пантыфіку. Ён папярэдзіў, што “калі Еўропа будзе працягваць у тым жа духу, яе зненавідзяць”. Мы неабавязкова павінны падзяляць пазіцыю іншых, але прынамсі “прызнаць, што Еўропа – гэта толькі адзін з актараў”.

На тэму абортаў кардынал сказаў: “Трагічна, што такія заможныя грамадствы, як наша, лічаць, што адзіным выйсцем з’яўляецца забойства ненароджаных дзяцей”. На яго думку, гісторыя калі-небудзь рассудзіць гэта.

Олерыш не бачыць магчымасці вяртання ў хрысціянскую Еўропу. Сёння ў Еўропе хрысціяне ўсё больш становяцца меншасцю, адзначыў ён. У палітычным плане гэта прывяло да адсутнасці ідэй.

Восемдзясят гадоў таму пабудова Еўропы была выключна хрысціянскім праектам. Міністр замежных спраў Францыі Роберт Шуман і прэм'ер-міністр Італіі Альчыдэ дэ Гасперы, у прыватнасці, былі перакананымі католікамі. На пытанне, ці няма сёння больш Шуманаў і дэ Гасперы, кардынал шчыра прызнаўся, што не бачыць такіх.

Па словах іерарха, сённяшнія палітыкі ўжо не маюць перакананняў, “яны чытаюць апытанні і падладжваюць пад іх сваё меркаванне”. Гэта вялікая памылка, як на нацыянальным, так і на еўрапейскім узроўнях. “Палітычная дыскусія адышла ў нябыт. Сёння ў тых, хто кіруе намі, больш няма хрыбта”, - заключыў ён.

Калісьці гісторыю Еўропы сфарміравала хрысціянства. Але, са слоў кардынала Олерыша, вяртанне да таго, што было, “ужо нікому не будзе цікава”. Сённяшні еўрапейскі праект павінен быць звязаны з сумеснай працай па гарантаванні справядлівасці, міру і экалагічнай цэласнасці. “Мы павінны спыніць гэта вар'яцтва змены клімату, якое заб'е столькі ж людзей, колькі вайна”, - адзначыў арцыбіскуп Люксембургскі.
 

27 мая 2024, 10:45