Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (www.vittoriomoriconi.it)

Заклік Папы: дыяцэзіяльнае жыллё для бедных Рыма

Рымская дыяцэзія запусціла праект, мэтай якога з'яўляецца арганізацыя на працягу наступных трох гадоў ста адзінак жылля для тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. Гэта адказ на задачу, пастаўленую Папам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Як біскуп Рыма Францішак хоча, каб Касцёл у яго дыяцэзіі ажыццявіў уласны праект”, - падкрэсліў біскуп Бальда Рэйна. Гэта павінна стаць канкрэтным знакам надзеі з нагоды Юбілею 2025 года. Віцэ-рэгент Рымскай дыяцэзіі ўзначаліў цырымонію перадачы сямі першых дыяцэзіяльных сацыяльных кватэр. У іх толькі што засяліліся сем’і, сярод якіх ёсць італьянцы, але таксама мігранты, якія маюць даход не большы за 6 тысяч еўра ў год і прайшлі спецыяльную працэдуру адбору пад наглядам сацыяльных работнікаў. Яшчэ чатыры кватэры будуць здадзены пад ключ у бліжэйшыя месяцы.

Праект рэалізуе Caritas. Як патлумачыў Джусціна Трынча, кіраўнік дыбрачыннай структуры, у аснове праекта ляжаць сродкі, атрыманыя ад продажу сямейнага дома ксяндза Раберта Сардэлі, які жыў сярод жыхароў трушчоб у Акведота Фелічэ ў 1970-х гадах, адстойваючы іх права на годнае жыццё, медыцынскае абслугоўванне і адукацыю. Памерлы ў 2019 годзе святар распарадзіўся, каб сродкі былі накіраваны на вырашэнне жыллёвага крызісу, які балюча закранае Вечны горад.

Паводле ацэнак, на вуліцах Рыма жывуць каля 8 тысяч бяздомных, 15 тысяч чалавек чакаюць муніцыпальных кватэр і каля 20 тысяч зарэгістраваны ў гарадскім рэестры фіктыўных месцаў жыхарства. Да гэтага трэба дадаць 3 945 высяленняў, праведзеных у 2021 годзе з прычыны фінансавай запазычанасці. Пастаянна павялічваецца колькасць нерухомасці, незаконна занятай людзьмі, якія страцілі жыллё ў выніку цяжкіх асабістых і сямейных абставін.

Біскуп Рэйна падкрэсліў, што “Евангелле пачынаецца з сям’і, якая не можа знайсці дома”. Гэта тычыцца не толькі многіх рымскіх сем'яў, але і тысяч маладых людзей, якія прыязджаюць у Рым на вучобу і не могуць знайсці жыллё, за якое яны маглі б плаціць. Тым часам у некаторых раёнах Вечнага горада да 40 працэнтаў кватэр заняты выключна адным чалавекам. І гэта іерарх лічыць парадоксам у горадзе, дзе людзі паміраюць у адзіноце або бяздомнымі.

Сем’і і асобы, якія атрымліваюць дыяцэзіяльнае сацыяльнае жыллё, павінны ўносіць свой уклад у яго ўтрыманне – у сярэднім ад 80 да 150 еўра ў месяц. Памяшканне прапануецца на пераходны перыяд ад 24 да 36 месяцаў, каб даць час працаўладкавацца і сістэматызаваць сямейнае становішча.
 

27 мая 2024, 09:38