Пошук

ECB press conference on eurozone monetary policy

Экуменічная дэлегацыя падтрымала пашырэнне ЕС на Усходнюю Еўропу

Занепакоенасць і перспектывы ў сувязі з будучым старшынствам Венгрыі ў ЕС прадставіла ў Будапешце экуменічная дэлегацыя Рады Біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (KEK).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Яна сустрэлася 24 чэрвеня 2024 года з віцэ-прэм'ерам Венгрыі Жолтам Шэм'енам. Размова стала магчымасцю прадставіць уклад Цэркваў у асноўныя палітычныя прыярытэты венгерскага старшынства ў Радзе ЕС, якое пачнецца 1 ліпеня 2024 года.

Прадстаўнікі хрысціян падкрэслілі неабходнасць вяртання да асноватворных каштоўнасцей Еўрапейскага саюза, з асаблівым акцэнтам на адзінстве і салідарнасці ў якасці кіруючых прынцыпаў будучага стратэгічнага парадку дня Супольнасці. Дэлегацыя выказала заклапочанасць ростам сацыяльнай і палітычнай палярызацыі ў краінах-членах ЕС, а таксама тэндэнцыямі злоўжывання і інструменталізацыі рэлігіі. Была падкрэслена неабходнасць усталявання міру і стабільнасці на еўрапейскім кантыненце і за яго межамі.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі COMECE і KEK заклікалі Венгрыю падтрымаць арыентаваны на грамадзян, варты даверу і справядлівы працэс пашырэння ЕС з уключэннем у яго краін Заходніх Балкан і Усходняй Еўропы.

Экуменічная дэлегацыя выказала надзею на тое, што дыялог паміж ЕС і Цэрквамі падчас старшынства Венгрыі будзе ўзмоцнены.

COMECE і KEK разам прадстаўляюць каля 380 мільёнаў грамадзян краін-членаў ЕС. Яны цвёрда адданыя суправаджэнню і падтрымцы працэсу еўрапейскай інтэграцыі, заснаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях, такіх як чалавечая годнасць, павага, справядлівасць, мір і цэласнасць стварэння.

Сустрэчы з краінамі-старшынямі ЕС з'яўляюцца часткай даўняй традыцыі, якая падтрымліваецца артыкулам 17 Дамовы аб функцыянаванні Еўрапейскага саюза, дзе прадугледжаны адкрыты, празрысты і рэгулярны дыялог паміж ЕС і Цэрквамі, асацыяцыямі і рэлігійнымі суполкамі.
 

25 чэрвеня 2024, 12:11