Святы Пасад у ААН: прастытуцыя – вынік галечы каштоўнасцей
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прастытуцыя зводзіць людзей, звычайна жанчын і дзяўчат, да простых аб'ектаў сексуальнага гвалту і нармалізуе камерцыялізацыю чалавечай асобы. Папа Францішак часта апісвае прастытуцыю як “рану калектыўнай свядомасці”, асуджаючы як “хваробу чалавецтва” любую спробу эксплуатацыі жанчыны як тавару, - гаворыцца ў заяве місіі Пастаяннага назіральніка Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.
На 56-й чарговай сесіі Рады па правах чалавека 24 чэрвеня 2024 года было падкрэслена, што “сённяшні недахоп каштоўнасцей і сацыяльнай этыкі, а таксама культура нястрымнага спажывецтва таксама ствараюць глебу для такога роду злоўжыванняў, якія фарміруюцца з многіх звёнаў: жанчын, якія сталі ахвярамі беднасці, падману і эксплуатацыі; мужчын, якія купляюць такія дзеянні, эксплуататараў і гандляроў людзьмі і гэтак далей”.
“Калі агульную карысць блытаюць з абсалютнай свабодай выбару і пераследам выключна індывідуалістычных інтарэсаў, чалавечая годнасць аказваецца пад пагрозай і скажаецца. Узнікае глыбокая галеча каштоўнасцей і адносін, якая таксама разбурае сацыяльную тканіну і згубна ўплывае на сем'і”, - падкрэсліла дэлегацыя Святога Пасада.
Дыпламаты скарысталіся магчымасцю, каб выказаць занепакоенасць ростам “папулярнасці і выкарыстання сурагатнага мацярынства”, просячы старышыню асамблеі разгледзець магчымасць вывучэння гэтай практыкі ў ходзе яе работы.