Эксперт пра католікаў і іх ролю ў выбарчай кампаніі ў ЗША
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Хрысціяне адыгрываюць важную ролю ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў ЗША – і гэта датычыцца не толькі пратэстантаў, заявіў 22 ліпеня 2024 года кіраўнік вашынгтонскага офіса Фонду Конрада Адэнаўэра ў інтэрв'ю каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву KNA. “Каталіцкі Касцёл у цэлым, верагодна, ніколі не быў такім уплывовым у амерыканскай палітыцы, як сёння”, - сказаў Остры.
“Столькі перакананых і практыкуючых католікаў у лагерах прэтэндэнтаў, верагодна, не было ніколі”, - ацэньвае сітуацыю эксперт. Аднак яны глыбока падзелены, што распаўсюджваецца і на Канферэнцыю Біскупаў Злучаных Штатаў, дадаў ён.
Многія біскупы ў ЗША лічаць Джо Байдэна менш вартым даверу, чым Дональда Трампа. Тут вельмі важнай тэмай як для католікаў, так і для евангельскіх хрысціян з'яўляецца забарона або дазвол абортаў. “Ціск на палітыкаў у гэтым пытанні вельмі вялікі”, - лічыць Остры.
ЗША лічацца глыбока рэлігійнай краінай. Самай вялікай рэлігійнай групай, каля 45 працэнтаў, з'яўляюцца пратэстанты. Католікі – другая па колькасці група – 25 працэнтаў. Разам яны маюць значны патэнцыял у амерыканскай палітыцы і могуць істотна змяніць сітуацыю.
Нагадаем, Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у мінулую нядзелю, 21 ліпеня 2024 года, абвясціў аб выхадзе з выбарчай кампаніі. Кандыдатам ад дэмакратаў на выбарах, верагодна, стане цяперашняя віцэ-прэзідэнт Камала Харыс.