Статуя ўваскрослага Хрыста аўтарства Алесандра Мута Статуя ўваскрослага Хрыста аўтарства Алесандра Мута   (ANSA)

У Іерусаліме плануюць паставіць манументальную статую Хрыста

Вікарый кустодыі Святой Зямлі, айцец Ібрагім Фальтас хоча паставіць у Іерусаліме статую ўваскрослага Хрыста вышынёй 10 метраў, шырынёй 7,5 метраў і вагой амаль 4,5 тоны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Праца веронскага скульптара Алесандра Мута павінна ўпрыгожыць дах францішканскага калегіума Terra Sancta ў хрысціянскім раёне Старога горада. Аб гэтым паведаміла ізраільская Jerusalem Post.

“Статуя зроблена з матэрыялу, які адбівае сонечныя прамяні і адлюстроўвае прыгажосць неба і прыроды”, - сказаў айцец Фальтас у інтэрв’ю Franciscan Christian Media Center у маі 2023 года.

Вікарый кустодыі Святой Зямлі, па чыёй ініцыятыве быў створаны помнік, які цяпер стаіць у Вероне, выказаў спадзяванне на тое, што ён стане “адлюстраваннем духа любові, міру, талерантнасці, справядлівасці і братэрства ў Іерусаліме, ліквідуючы дух помсты, рэўнасці, зайздрасці і нянавісці”.

Біскуп Вероны Даменіка Пампілі выказаўся ў такім жа ключы. “Статуя Езуса, Які абдымае людзей, павінна стаць знакам надзеі, якая пачынаецца ў Вероне і даходзіць да Святой Зямлі”, - сказаў ён. Папа Францішак бачыў твор мастацтва падчас свайго візіту ў горад на поўначы Італіі 18 мая 2024 года і блаславіў яго.

Манумент павінны перавезці ў Хайфу, а затым даставіць у Іерусалім. Як паведамляе Jerusalem Post, пакуль няма інфармацыі пра кошт і фінансаванне праекта, а таксама пра дату інаўгурацыі.
 

22 ліпеня 2024, 11:35