Католікі Францыі абураны цырымоніяй адкрыцця Алімпіяды
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Францыі выдала афіцыйную заяву па гэтым пытанні. Іерархі выказалі шкадаванне з нагоды таго, што ў цырымоніі адкрыцця прысутнічалі "сцэны здзеку і насмешкі над хрысціянствам". Яны таксама звярнуліся да хрысціян ва ўсім свеце, якія адчулі сябе пакрыўджанымі, запэўніваючы іх, што Алімпіяда – гэта значна больш, чым ідэалагічныя перакананні некаторых удзельнікаў цырымоніі адкрыцця.
Біскупы падкрэслілі, што цырымонія ў цэлым прапанавала свету "цудоўныя моманты прыгажосці і радасці". Яны нагадалі пра ўдзел хрысціян у падрыхтоўцы да Гульняў. На мінулым тыдні была арганізавана Імша ў гонар адкрыцця Алімпійскіх гульняў, на якой прысутнічалі многія рэлігійныя, палітычныя і спартыўныя дзеячы.
Французскія каталіцкія іерархі выказалі перакананне ў тым, што каштоўнасці і прынцыпы, якія пашыраюцца спортам і Алімпійскімі гульнямі, садзейнічаюць адзінству і братэрству, якія так неабходны сучаснаму свету, пры адначасовай павазе да перакананняў усіх людзей.