Кіеў: сустрэча кардынала Параліна і прэзідэнта Зяленскага
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Уладзімір Зяленскі звярнуў увагу на асабісты ўклад іерарха ва ўмацаванне супрацоўніцтва паміж Украінай і Святым Пасадам. Ён таксама падзякаваў дзяржсакратару за наведванне ўкраінскіх гарадоў.
“Гэта моцны сігнал з боку Ватыкана, дзякуй за гэту падтрымку. Я ўдзячны за ўдзел Вашай Эмінэнцыі ў саміце ў Швейцарыі. Гэта першы крок на шляху да міру, усе крокі каштоўныя. Важна, што і Святы Пасад падтрымлівае яго. Мы ўсе разумеем, што трэба як мага хутчэй завяршыць гэты шлях, каб не гінулі людзі”, - падкрэсліў кіраўнік украінскай дзяржавы 23 ліпеня 2024 года.
Прэзідэнт і дзяржсакратар звярнулі асаблівую ўвагу на рашэнні Першага мірнага саміту ў Швейцарыі і ролю Святога Пасада ва ўсталяванні справядлівага і трывалага міру ва Украіне.
Суразмоўцы таксама абмеркавалі вынікі сустрэчы Уладзіміра Зяленскага і Папы Францішка ў чэрвені 2024 года на палях саміту Вялікай сямёркі ў Італіі. Палітык падзякаваў Пантыфіку за малітвы аб міры ва Украіне і заклікі вярнуць украінскіх ваеннапалонных.
Уладзімір Зяленскі і кардынал Паралін падрабязна абмеркавалі наступствы расійскай агрэсіі супраць Украіны, пастаянны паветраны тэрор, у прыватнасці расійскі ракетны ўдар па кіеўскай дзіцячай бальніцы, а таксама складаную гуманітарную сітуацыю ва Украіне.
Напрыканцы сустрэчы кіраўніку дыпламатыі Святога Пасада ўрачыста ўручылі ордэн За заслугі ІІ ступені за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне міждзяржаўнага супрацоўніцтва, падтрымку дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, папулярызацыю ўкраінскай дзяржавы ў свеце. Указ аб узнагароджанні прэзідэнт падпісаў у снежні 2023 года.
У паведамленні ў сацсетцы X (былы Twitter) Дзяржсакратарыят паведаміў, што кардынал яшчэ раз запэўніў прэзідэнта Украіны ў “блізкасці і прыхільнасці Папы да пошуку справядлівага і трывалага міру для шматпакутнай Украіны”.