Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Міжрэлігійная канферэнцыя ў Хірасіме: штучны інтэлект і этыка

Прадстаўнікі рэлігіі, навукі і бізнесу сустрэнуцца ў японскай Хірасіме 9 і 10 ліпеня 2024 года, каб абмеркаваць узаемасувязь паміж штучным інтэлектам і праблемамі міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Анансуючы форум, Папская акадэмія жыцця падкрэсліла, што Хірасіма з’яўляецца моцным сведчаннем наступстваў разбуральных тэхналогій і пастаяннага імкнення да міру. 6 жніўня 1945 года амерыканскія вайскоўцы скінулі на горад атамную бомбу, прымусіўшы Японію капітуляваць падчас Другой сусветнай вайны. У той дзень загінулі 80 тысяч чалавек, дзясяткі тысяч памерлі потым ад радыяцыйнага ўздзеяння.

У гэтым сімвалічным месцы прадстаўнікі некалькіх сусветных рэлігій падпішуць Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту (Roman Call for AI Ethics) – дакумент, ініцыяваны Святым Пасадам, аб захаванні этычных прынцыпаў у выкарыстанні новай тэхналогіі. Сустрэча праводзіцца пры падтрымцы Папскай акадэміі жыцця, японскага аддзялення арганізацыі Рэлігіі за мір (Religie for Peace Japan), Форуму міру ў Абу-Дабі і Камісіі па міжрэлігійных адносінах Галоўнага рабінату Ізраіля.

У лютым 2020 года Папская акадэмія жыцця апублікавала этычны кодэкс штучнага інтэлекту. Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту рэкамендуе, каб лічбавыя тэхналогіі былі празрыстымі, інклюзіўнымі, бесстароннімі, надзейнымі і бяспечнымі. Акрамя таго, павінны быць дакладна вызначаны абавязкі і абаронены прыватныя даныя карыстальнікаў. Дакумент падпісалі, між іншым, тэхналагічныя кампаніі Cisco, Microsoft, IBM, Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО), прадстаўнікі італьянскага ўрада і рэлігійных супольнасцей. У 2023 годзе падпісантамі сталі кіраўнікі хрысціянства, ісламу і юдаізму.

У хірасімскай сустрэчы прымуць удзел: старшыня Папскай акадэміі жыцця, арцыбіскуп Вінчэнца Палья; будыйскі манах і старшыня японскага аддзялення арганізацыі Рэлігіі за мір Ёсіхару Тамацу; шэйх Абдала Бін Бая, старшыня Форуму міру ў Абу-Дабі; рабін Эліэзер Сімха Вайс з Камісіі па міжрэлігійных адносінах Галоўнага рабіната Ізраіля.

Сярод навукоўцаў – дарадца Папы Францішка па пытаннях штучнага інтэлекту францішканін Паола Бенанці і Ліза Шорч, прафесар мірных даследаванняў амерыканскага Універсітэта Нотр-Дам. У Хірасіме чакаецца таксама топ-мэнэджмент сусветных тэхналагічных гігантаў.
 

03 ліпеня 2024, 11:31