Вынікі раскопак перад латэранскай базілікай Вынікі раскопак перад латэранскай базілікай  (AFP or licensors)

На Латэране знайшлі рэшткі сядзібы першых Пантыфікаў

Рамонтныя работы, якія праводзяцца ў Рыме ў сувязі з надыходзячым Святым годам, прыносяць новыя каштоўныя адкрыцці. На плошчы перад базілікай святога Яна Латэранскага археолагі выявілі падмуркі, сцены і мур рэзідэнцыі першых Пантыфікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Перад катэдрай Біскупа Рыма плануецца пабудаваць прастору з месцамі адпачынку для паломнікаў і турыстаў, якія прыязджаюць у храм. Таму тут праводзяцца маштабныя археалагічныя раскопкі, першыя ў новы час.

Даніэла Пора, адказная за рэканструкцыю плошчы, падкрэсліла, што гэта надзвычай важная знаходка для Рыма і асабліва яго сярэднявечнай гісторыі. Была выяўлена важная і складаная стратыграфія, у тым ліку сценавыя канструкцыі, якія адносяцца да IX-XIII стагоддзяў.

Італьянская археолаг нагадала, што першыя хрысціянскія пабудовы на гэтай тэрыторыі з’явіліся ў IV стагоддзі па рашэнні імператара Канстанціна. З часам тут была пабудавана першая базіліка, а прылеглыя палацы Патрыярхату сталі рэзідэнцыяй Папаў. Такое становішча спраў існавала да XIV стагоддзя, да Авіньёнскага палону, пасля якога ў 1377 годзе рэзідэнцыя Пантыфікаў была перанесена ў Ватыкан. За амаль сем дзесяцігоддзяў адсутнасці Папаў у Рыме будынкі Латэранскага Патрыярхату і базілікі былі цалкам спустошаны і сталі больш непрыдатнымі для пражывання.

Падчас працы археолагі выявілі сценавыя канструкцыі IX-XIII стагоддзяў, якія добра захаваліся. Ёсць шмат падстаў меркаваць, што яны з'явіліся ў выніку рэканструкцыі памяшканняў Патрыярхату. Ён быў пабудаваны ў IV стагоддзі на месцы казарм конных гвардзейцаў, якія ўсталі на бок імператара Максенцыя падчас знакамітай бітвы на Мульвійскім мосце.

На думку археолагаў, асабліва цікавым з'яўляецца адкрыццё канструкцыі з туфавых блокаў, якая магла выконваць функцыю абароннай сцяны для папскай рэзідэнцыі. Лічыцца, што сцяна была пабудавана ў той час, калі Рым быў аб'ектам сарацынскіх набегаў і калі адбываліся пастаянныя бойкі, часам жорсткія, паміж арыстакратычнымі сем'ямі, якія прэтэндавалі на Пасад Пятра. Адсюль вынікае гіпотэза, што гэта вялізная сцяна, таксама дзякуючы сваёй форме, функцыянавала як абарончая канструкцыя вакол комплексу базілікі і прылеглых палацаў. Пасля заканчэння Авіньёнскага палону і пераносу папскай сядзібы ў Ватыкан неабходнасць у будынку для абароны Патрыярхату адпала. У выніку сцяна страціла сваю функцыянальнасць, была знесена і засыпана, а памяць аб ёй страчана да сённяшняга дня.

Рымскія ўлады не паведамілі, які лёс чакае знаходку. Археолагі сцвярджаюць, што раскоп можа быць накрыты празрыстымі плітамі і стаць турыстычнай славутасцю нядаўна створанай прасторы перад базілікай Яна Латэранскага. Не выключаецца магчымасць дэмантажу раскрытай канструкцыі і пераносу яе ў іншае месца. Будаўнічы нагляд не чакае, што цяперашняя знаходка затрымае юбілейную рэканструкцыю Латэрана.
 

19 ліпеня 2024, 11:35