Жанчыны з дзецьмі-пацыентамі дзіцячай бальніцы ў Кіеве, якая стала мішэнню расійскага ракетнага ўдару Жанчыны з дзецьмі-пацыентамі дзіцячай бальніцы ў Кіеве, якая стала мішэнню расійскага ракетнага ўдару 

Нунцый ва Украіне: мішэнямі для ракет становяцца дзеці

“Калі пад удар трапляе найменшы з найменшых, слабейшы з слабейшых, кожны пытаецца ў сябе: як гэта магчыма, што некаторыя людзі ўсё яшчэ могуць даваць нейкае тлумачэнне вайне”, - заявіў нунцый ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас паразмаўляў з Vatican News пасля расійскай ракетнай атакі на дзіцячую бальніцу ў Кіеве. Ён адзначыў, што медустанова знаходзіцца ўсяго ў 700 метрах ад нунцыятуры і з’яўляецца часткай горада, дзе знаходзяцца выключна жылыя дамы, крамы і дзіцячая бальніца. Шпіталь добра знаёмы супрацоўнікам нунцыятуры, таму што яны час ад часу прыязджалі здаць кроў для дзяцей, якой заўсёды не хапае, асабліва падчас вайны.

“Я быў яшчэ больш уражаны, калі слухаў сведчанні відавочцаў і меў магчымасць паглядзець відэа, на якім крылатая ракета, якую не ўдалося перахапіць, ляцела прама і трапіла ў аддзяленне дыялізу педыятрычнай бальніцы”, - распавёў арцыбіскуп Кульбокас. Як яму стала вядома, калі прагучаў сігнал трывогі, персанал выканаў усе інструкцыі, перамясціўшы дзяцей у сховішча, што дапамагло пазбегнуць яшчэ большай колькасці ахвяр.

“І тут узнікае вельмі шакавальнае пытанне: гэта не проста дзеці, але дзеці, якія маюць патрэбу ў лячэнні, лячэнні раку або трансплантацыі печані і іншых органаў... Яны сталі мішэнямі ракет. І калі пад удар трапляюць найменшыя з найменшых, слабейшыя са слабейшых, кожны пытаецца ў сябе: як гэта магчыма, што некаторыя людзі ўсё яшчэ могуць тлумачыць, даваць нейкае тлумачэнне вайне, як быццам яна па нейкіх прычынах можа быць апраўдана? Я не ведаю, як гэтыя сумленні могуць працягваць рабіць такое”, - сказаў нунцый у Кіеве ў каментары для Vatican News.
 

10 ліпеня 2024, 11:39