Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папскі фонд: больш падступныя формы дыскрымінацыі хрысціян

У апошнія гады формы рэлігійнай дыскрымінацыі і пераследу хрысціян некалькі змяніліся. У многіх краінах яны становяцца ўсё больш і больш падступнымі і ажыццяўляюцца ў белых пальчатках.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На гэта звярнуў увагу Масіміліяна Тубані, новы дырэктар італьянскага аддзялення Папскага фонду Дапамога Касцёлу ў патрэбе. Арганізацыя, заснаваная ў 1947 годзе, з самага пачатку займалася лёсам паслядоўнікаў Хрыста ва ўсім свеце. Паводле апошніх звестак, у 60 краінах свету пераследуюцца 325 мільёнаў хрысціян.

У інтэрв’ю Vatican News ён нагадаў, што некалькі гадоў таму мы знаходзіліся ў ключавой фазе нападу ісламістаў на рэлігійныя меншасці, таму пераслед быў вельмі прыкметны. Сёння ён больш завуаліраваны, хоць ёсць краіны, дзе хрысціяне кожны дзень гінуць за веру. Тут можна згадаць Нігерыю, Буркіна-Фасо, Малі і Нігер, дзе супольнасці працягваюць падвяргацца нападам ісламскіх экстрэмісцкіх груповак.

Эксперт таксама звярнуў увагу на пераслед і абмежаванні, якія ўжываюць урады некаторых краін. У Лацінскай Амерыцы турбуе сітуацыя ў Нікарагуа, дзе ўлады радыкальна абмяжоўваюць жыццё Касцёла і кідаюць біскупаў у турмы або прымушаюць іх эміграваць. Сітуацыя ў Азіі не менш складаная: у Пакістане па законе аб блюзнерстве па-ранейшаму працягваюць выносіць прысуды нявінным хрысціянам, а ў Індыі – з ростам індуісцкага нацыяналізму – расце гвалт супраць рэлігійных меншасцей, хоць канстытуцыя гарантуе свабоду веравызнання.

Тубані заўважыў узмацненне пераследу на Захадзе, які Папа Францішак называе дзеяннямі “ў белых пальчатак”. “У дэмакратычных краінах каталіцкай прысутнасці ў грамадскім жыцці пагражае абсалютны рэлятывізм, ідуць культурныя ганенні, якія хоць не прымаюць форму насілля, але застаюцца вельмі падступнымі праз імкненне аслабіць хрысціянскую супольнасць і ў канчатковым выніку выключыць яе з грамадскага жыцця”, - падкрэсліў дырэктар італьянскага аддзялення папскага дабрачыннага фонду.
 

06 ліпеня 2024, 11:19