Парк Тэжу Парк Тэжу 

Партугалія: месцы правядзення СДМ папулярныя сярод турыстаў

Тэрыторыя каля дэльты ракі Тэжу, так званы Парк Тэжу, дзе ў жніўні 2023 года праходзілі Сусветныя дні моладзі, стала вельмі папулярным месцам сярод турыстаў, сведчаць даныя мэрыі Лісабона.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сярод наведвальнікаў ёсць як тыя, хто прымаў удзел у форуме, які праходзіў з 1 па 6 жніўня 2023 года, так і тыя, хто прыязджае ў партугальскую сталіцу ўпершыню.

Як абвясціў падчас сесіі гарадскога савета мэр Лісабона Карлуш Моэдаш, частка інфраструктуры, створанай для Сусветных дзён, цяпер выкарыстоўваецца для правядзення розных культурных і забаўляльных мерапрыемстваў, у тым ліку канцэртаў.

Іншыя прадстаўнікі партугальскага горада лічаць, што месца, дзе ў 2023 годзе каталіцкая моладзь сустрэлася з Папам Францішкам, – унікальнае. “Парк Тэжу з’яўляецца сімвалічным месцам, як Эйфелева вежа ў Парыжы. Гэта вельмі важны сімвал нашага горада”, - сказала Філіпа Разета з мэрыі Лісабона, нагадаўшы аб шматлікіх турыстах, якія адмыслова накіроўваюцца туды.

Моладзь у Парку Тэжу падчас Сусветных дзён 2023 года
Моладзь у Парку Тэжу падчас Сусветных дзён 2023 года

Паводле ацэнак партугальскага ўрада, у 2023 годзе турыстычная галіна краіны прадэманстравала лепшыя фінансавыя вынікі за ўсю сваю гісторыю. Абарот турыстычнага сектара Партугаліі склаў 25 мільярдаў еўра, што азначае, што на 37 працэнтаў больш, чым у 2019 годзе, які да гэтага часу лічыўся рэкордным.

Варта адзначыць, што на рэкордныя паказчыкі значна паўплывала правядзенне Сусветных дзён моладзі, якія прыцягнулі больш за 500 тысяч міжнародных наведвальнікаў. У цэлым, у 2023 годзе Партугалію наведалі 30 мільёнаў турыстаў. Паводле прагнозаў, вынікі 2024 года будуць яшчэ больш высокімі.
 

20 ліпеня 2024, 10:23