Рэлігійныя лідары заклікалі спісаць даўгі краін Афрыкі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
27 хрысціянскіх і мусульманскіх духоўных асоб з 13 краін сустрэліся ў сталіцы Руанды, Кігалі. Яны сцвярджаюць, што спісанне даўгоў дапаможа іх краінам справіцца з нарастаючым эканамічным крызісам і "прынесці чалавецтву надзею і выратаваць планету ад таго, каб стаць непрыдатнай для жыцця".
Лідары адзначылі, што з'яўляюцца сведкамі росту кошту жыцця, войнаў, неэфектыўных сістэм аховы здароўя, змен клімату, наступстваў пандэміі і іншых эканамічных праблем, якія выклікаюць незадаволенасць па ўсім кантыненце. Яны заявілі, што іх краіны сутыкаюцца з "балючым выбарам" паміж выдаткамі на ўласны народ і выплатамі крэдыторам.
Згодна з данымі Афрыканскага банка развіцця, знешні доўг Афрыкі дасягнуў прыкладна 1,2 трыльёна долараў ЗША ў канцы 2023 года, што складае каля 23% ВУП кантынента за 2022 год і 140% яго экспарту. Чакаецца, што ў гэтым годзе Афрыка выплаціць 163 мільярда долараў ЗША на абслугоўванне свайго доўгу ў параўнанні з 61 мільярдам долараў ЗША ў 2010 годзе.
Рэлігійныя лідары нагадалі, што падчас папярэдняга Юбілею ў 2000 годзе ўдалося дабіцца спісання даўгоў на суму 130 мільярдаў долараў у 38 краінах, што дапамагло зменшыць беднасць у Афрыцы.