Старшыня Еўрапарламента цытуе Яна Паўла ІІ
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Каб аднавіць нашу прыхільнасць да Еўропы, мы павінны, як казаў вялікі еўрапейскі святы з Кракава Караль Вайтыла, “не баяцца”. Не баяцца супрацьстаяць аўтакратам, абараняць Еўропу, будаваць Саюз, які будзе існаваць для ўсіх нас”, - заявіла Раберта Метсола неўзабаве пасля свайго абрання.
Прадстаўніца Еўрапейскай народнай партыі атрымала 562 з 623 галасоў. 61 голас атрымала кандыдат ад левых Ірэн Мантэра. Тэрмін паўнамоцтваў Метсолы скончыцца ў 2027 годзе.
Пераабраная на гэтую пасаду, 45-гадовая мальтыйка ўзначальвае Еўрапарламент з 2022 года пасля нечаканай смерці свайго папярэдніка Давіда Сасолі з Італіі. Жонка і маці чацвярых дзяцей, яна з'яўляецца самым маладым кіраўніком Еўрапарламента ў гісторыі і трэцяй жанчынай на гэтай пасадзе пасля Сімоны Вейль (1979-1982) і Ніколь Фантэйн (1999-2002).
Метсола стала еўрадэпутатам у 2013 годзе. У 2020 годзе яе абралі віцэ-старшынёй Еўрапарламента і каардынатарам яго дыялогу з Цэрквамі, рэлігіямі і пазаканфесійнымі арганізацыямі.