Баку Баку 

Старшыня Папскай камісіі па археалогіі з візітам у Азербайджане

Старшыня Папскай камісіі па сакральнай археалогіі, мансеньёр Паскуале Якабонэ разам з дэлегацыяй археолагаў і экспертаў наведаў Азербайджан. Прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і рэлігійных супольнасцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас размовы з памочнікам прэзідэнта Азербайджана, выканаўчым дырэктарам Фонду Гейдара Аліева Анарам Алакбаравым была дадзена станоўчая ацэнка развіццю адносін паміж Азербайджанам і Святым Пасадам. Бакі адзначылі, што падарожжы ў Азербайджан Яна Паўла ІІ у 2002 годзе і Францішка ў 2016 годзе, а таксама візіты ў Ватыкан прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева і першай лэдзі Мехрыбан Аліевай, сталі важнымі з пункту гледжання двухбаковых адносін і міжкультурнага дыялогу.

Суразмоўцы станоўча ацанілі дзейнасць пасольства Азербайджана пры Святым Пасадзе, плённае супрацоўніцтва і рэалізацыю сумесных праектаў. Яны падкрэслілі, што рэстаўрацыя Фондам шэрагу помнікаў у Рыме і праца, якая праводзіцца ў галіне аховы культурнай спадчыны, спрыяюць паглыбленню двухбаковых адносін.

Мансіньёр Якабонэ запрасіў прадстаўнікоў Фонду ў Рым на мерапрыемства з нагоды Юбілейнага 2025 года.

Ватыканская дэлегацыя наведала таксама каталіцкі касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Баку. Апостальскі прэфект Каталіцкага Касцёла ў Азербайджане, біскуп Уладзімір Фекетэ распавёў гасцям аб жыцці каталіцкай супольнасці ў гэтай краіне і гісторыі Касцёла ў сталіцы. Ён таксама закрануў тэму візітаў Пантыфікаў у Азербайджан, а таксама клопат азербайджанскай дзяржавы аб каталіцкай супольнасці і высокі ўзровень міжрэлігійных адносін у краіне.
 

10 ліпеня 2024, 10:35