Вялікабрытанія: заклік да малітвы за ахвяр кантрабандысцкіх банд
Расце колькасць бежанцаў, якія рызыкуюць жыццём, спрабуючы дабрацца да Вялікабрытаніі. Езуіцкая служба бежанцаў (JRS) звярнулася з заклікам да малітвы за чатырох мігрантаў, якія нядаўна загінулі ў праліве Ла-Манш.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арганізацыя, якая ўжо шмат гадоў дапамагае ўцекачам, звярнула ўвагу на тое, што кожны з загінулых меў сяброў і сям'ю. Злачынныя банды атрымліваюць вялікія прыбыткі, ставячы пад пагрозу чалавечыя жыцці. Штотыдзень у моры бачаць перагружаныя лодкі дрэннай якасці, у якіх знаходзяцца людзі, у тым ліку дзеці, без выратавальных камізэлек.
Сёлета праз Ла-Манш у Вялікабрытанію ўжо прыбылі больш за 13 тысяч чалавек, з якіх больш за 20 загінулі. Кіраўніца Езуіцкай службы Сара Тэтэр заклікала ўрад Вялікабрытаніі аднавіць права на прытулак і стварыць больш гуманную сістэму прыёму бежанцаў.
27 ліпеня 2024, 10:45