Асамблея епіскапату Венесуэлы. Архіўнае фота Асамблея епіскапату Венесуэлы. Архіўнае фота 

Венесуэльскія біскупы заклікалі да масавага ўдзелу ў выбарах

Каталіцкія біскупы Венесуэлы заклікалі да масавага ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, прызначаных на 28 ліпеня 2024 года. Яны адзначылі, што аддаць свой голас – гэта "маральны абавязак", які дапаможа дамагчыся спрыяльных перамен у найбліжэйшай будучыні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля заканчэння 122-га пасяджэння мясцовай біскупскай канферэнцыі іерархі патлумачылі, што "галасаванне набывае вырашальнае значэнне ў той рэальнасці”, у якой знаходзіцца Венесуэла, паколькі толькі пераадоленне свядомай адмовы ад удзелу ў выбарах і палітычнай інерцыі, да якіх прывялі гады бясплоднага і негатыўнага супрацьстаяння, дазволіць дамагчыся прагрэсу ў фарміраванні будучыні краіны, заснаванай на развіцці, міры, справядлівасці і свабодзе.

Іерархі адзначылі, што дэмакратыя – гэта не толькі палітычная сістэма. Гаворка ідзе перш за ўсё пра лад жыцця, магчымасці развіцця і пабудову агульнага дабра, што “стварае суверэнную нацыю і спрыяе неабходнаму падзелу ўлады і здаровай змене ўлады”.

Адзначаючы рызыку абыякавасці і апатыі да палітычнай адказнасці народа, біскупы працытавалі словы Папы Францішка, сказаныя ім падчас нядаўняга візіту ў Трыест: “Абыякавасць – гэта ракавая хвароба дэмакратыі”.

За два тыдні да выбараў епіскапат заклікаў католікаў заставацца “сапраўднымі прыхільнікамі дэмакратыі”, уключаючы не толькі тых, хто жыве на тэрыторыі Венесуэлы, але і венесуэльцаў за яе межамі. Апошнія налічвалі 7,7 мільёна ў 2023 годзе, з іх 6,5 мільёна ў Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне.

Выбарчая кампанія пачалася 5 ліпеня 2024 года. Найбольшыя шанцы быць абранымі маюць два кандыдаты: цяперашні кіраўнік дзяржавы Нікалас Мадура і кандыдат ад асноўных апазіцыйных партый Эдмунда Гансалес Уруціа.

Нягледзячы на тое, што Венесуэла валодае найбуйнейшымі ў свеце запасамі нафты, палова яе насельніцтва жыве ў крайняй галечы. Гэта выклікае масавую эміграцыю. Каля 70 працэнтаў тавараў даводзіцца імпартаваць. Акрамя таго, існуюць такія непажаданыя з'явы, як цэнтралізацыя і нацыяналізацыя прамысловасці, моцная мілітарызацыя краіны і карупцыя. Усё гэта прывяло ў апошнія дзесяцігоддзі да глыбокага эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага крызісу, які рэзка павялічыў разрыў паміж вельмі багатымі і вельмі беднымі. Сітуацыю яшчэ больш пагоршыла гіперінфляцыя апошніх гадоў, якая дасягнула 600 працэнтаў.

Катастрафічная сацыяльная, эканамічная і палітычная сітуацыя з'яўляецца вынікам палітычных і эканамічных пераўтварэнняў, уведзеных папярэднім прэзідэнтам Уга Чавесам і яго пераемнікам Нікаласам Мадура, які ўтрымлівае ўладу.
 

17 ліпеня 2024, 10:22