Бэнэдыкт XVI і Джорж Буш Бэнэдыкт XVI і Джорж Буш 

Былая пасол ЗША: Буш часта раіўся з Бэнэдыктам XVI

Мэры Эн Глэндан, былая пасол ЗША пры Апостальскай Сталіцы, выдала ўспаміны, у якіх расказала пра дэталі свайго шматгадовага служэння ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кніга выйшла пад назвай Пры двары трох Папаў. Амерыканская юрыст і дыпламат у апошняй абсалютнай манархіі Захаду (In the Courts of Three Popes. An American Lawyer and Diplomat in the Last Absolute Monarchy of the West), заўважыла інфармацыйнае агенцтва KAI.

У 1994 годзе святы Ян Павел ІІ прызначыў Мэры Эн Глэндан членам Папскай акадэміі сацыяльных навук. У 2004 годзе яна стала старшынёй гэтай ватыканскай установы. У 1995 годзе прадстаўляла Апостальскую Сталіцы на IV Сусветнай канферэнцыі ААН па становішчы жанчын, якая праходзіла ў Пекіне. Раней Глэндан выкладала права ў розных амерыканскіх універсітэтах, у тым ліку ў Гарвадскім. У 2008 годзе Джордж Буш прызначыў Глэндан паслом ЗША пры Апостальскай Сталіцы, але яна сышла з гэтай пасады ў 2009 годзе, пасля абрання прэзідэнтам Барака Абамы. У 2013 годзе Францішак уключыў яе ў склад Папскай следчай камісіі па справах Інстытута рэлігійных спраў, а з 2014 па 2018 год амерыканка была членам упраўлення гэтай фінансавай установы.

На старонках успамінаў Мэры Эн Глэндан, “з пункту гледжання амерыканскай юрыста і свецкай верніцы”, паказала дынаміку трох апошніх пантыфікатаў, якія праходзілі ў кантэксце вялізарных культурных змен.

Гаворачы пра сваё прызначэнне кіраўніцай ватыканскай дэлегацыі на Пекінскую канферэнцыю па становішчы жанчын, былая пасол згадала, што Ян Павел ІІ адправіў яе на форум, каб была “голасам тых, хто пазбаўлены голасу”.

Глэндан адзначыла, што пры “Яне ХХІІІ і Паўле VI дыпламаты Святога Пасаду ўстрымліваліся ад адкрытай крытыкі рэжымаў за “жалезнай заслонай”, лічачы гэта найлепшым спосабам абараніць Касцёл у гэтых краінах”. “Ян Павел ІІ, аднак, лічыў, што галоўная мэта Касцёла на публічнай арэне заключаецца ў тым, каб даваць выразнае і паслядоўнае маральнае сведчанне. Падчас яго пантыфікату Святы Пасад стаў вядучым абаронцам фундаментальных правоў чалавека”, - напісала яна.

Расказваючы пра сваё прызначэнне на пасаду пасла ЗША пры Святым Пасадзе, дыпламат заўважыла, што яе намінацыя была адхілена тагачасным сенатарам ад штата Дэлавэр Джо Байдэнам, цяперашнім прэзідэнтам. Ён быў супраць вылучэння Глэндан на той падставе, што “яна не зарэгістаравалася ў якасці замежнага агента” у спецыяльным рэестры, калі працавала ў ватыканскіх структурах. Аўтар успамінаў выразіла здзіўленне пазіцыяй Байдэна, бо закон дазваляў працу, накіраваную на падтрымку рэлігійнай, школьнай, акадэмічнай ці навуковай дзейнасці. Яна заўважыла, што атрымаць згоду Сената на прызначэнне ёй дапамог Тэд Кенэндзі, малодшы брат 35-га прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі.

Глэндан падкрэсліла, што Джордж Буш-малодшы глыбока шанаваў каталіцкую веру. Будучы метадыстам, ён “быў добра знаёмы з каталіцкім сацыяльным вучэннем”. “Ён мог з лёгкасцю “размаўляць па-каталіцку” і, здаецца, атрымліваў ад гэтага задавальненне”, - напісала яна. Згадваючы пра адносіны паміж Бушам і Бэнэдыктам XVI, амерыканка адзначыла, што “ніводны іншы прэзідэнт ЗША ніколі не раіўся так часта з Папам”.
 

19 жніўня 2024, 10:17