Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Еўропа: вырасла колькасць антыхрысціянскіх злачынстваў

Венскі цэнтр маніторынгу нецярпімасці і дыскрымінацыі хрысціян у Еўропе (OIDAC) паведаміў у сваёй справаздачы пра значны рост у апошнія гады колькасці антыхрысціянскіх злачынстваў на глебе нянавісці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Інфармацыя з'яўляецца асабліва актуальнай у сувязі з Міжнародным днём памяці ахвяр актаў насілля на аснове рэлігіі ці перакананняў, які адзначаецца 22 жніўня з 2019 года па ініцыятыве Генеральнай Асамблеі ААН.

Аня Хофман, выканаўчы дырэктар даследчай структуры, падкрэсліла важнасць увагі да сітуацыі ў Еўропе, а не толькі да праблемы пераследу хрысціян у Афрыцы і Азіі.

Большасць нападаў накіравана супраць храмаў і могілак, але таксама зафіксаваны жорсткія атакі на вернікаў. У Францыі ў 2023 годзе было зарэгістравана амаль тысяча антыхрысціянскіх злачынстваў на глебе нянавісці. У 2024 годзе Цэнтр задакументаваў 25 выпадкаў фізічнага насілля, пагроз і спроб забойства хрысціян у розных еўрапейскіх краінах.

Асаблівай рызыцы падвяргаюцца хрысціянскія вернікі, якія перайшлі з ісламу. Структура падкрэслівае неабходнасць абароны права на змену веравызнання як важнага элемента рэлігійнай свабоды.

За нападамі на хрысціян стаяць у асноўным радыкальныя левыя групоўкі і радыкальныя мусульмане. Таксама назіраецца тэндэнцыя да дыскрымінацыі хрысціян на працоўных месцах.
 

23 жніўня 2024, 10:36