Біскуп Георг Бэтцынг Біскуп Георг Бэтцынг  

Германія: біскуп заклікаў хрысціян не галасаваць за партыю AfD

Старшыня нямецкага епіскапату, біскуп Георг Бэтцынг у чарговы раз рэзка раскрытыкаваў ультраправую партыю Альтэрнатыва для Германіі (AfD) і заклікаў хрысціян не аддаваць голас за яе кандыдатаў.

Ян Глінскі

“Гэтая партыя хоча зрынуць нашу дэмакратычную, свабодную сістэму, я павінен асцерагчы хрысціян”, – сказаў біскуп Лімбурга ў інтэрв’ю для берлінскага выдання Tagesspiegel.

Як патлумачыў іерарх, праграмы партыі і выказванні яе прадстаўнікоў “супярэчаць асноўным хрысціянскім прынцыпам, годнасці чалавека, а таксама запаведзям хрысціянскай любові і салідарнасці”. Іерарх таксама нагадаў, што Ведамства па ахове канстытуцыі Саксоніі і Цюрынгіі прызнала ідэалогію Альтэрнатывы для Германіі правым экстрэмізмам.

Старшыня нямецкага епіскапату таксама выразна выказаўся на тэму левага Альянса Сары Вагенкнехт (BSW). “Кожны, хто (…) сімпатызуе Пуціну, на мой погляд, не з’яўляецца палітычным аўтарытэтам і пагражае цэнтральным прынцыпам дэмакратыі, міжнароднаму праву і нашаму мірнаму парадку ў Еўропе”, - сказаў ён.

Паводле апытання, праведзенага 23 жніўня 2024 года па замове тэлеканала ARD, Альтэрнатыва для Германіі можа разлічваць на падтрымку прыкладна 30 працэнтаў выбаршчыкаў у Цюрынгіі і, такім чынам, мае шанец на перамогу. У Саксоніі сапернічаюць за перамогу Хрысціянска-дэмакратычны саюз і Альтэрнатыва для Германіі. Трэцяе месца ў абедзвюх федэральных землях займае Альянс Сары Вагенкнехт.
 

31 жніўня 2024, 09:45