Панарама Ерусалім, Сцяна Плачу Панарама Ерусалім, Сцяна Плачу 

Патрыярхі Святой Зямлі: мы на мяжы поўнамаштабнай вайны

Іерархі хрысціянскіх Цэркваў Святой Зямлі назвалі 7 кастрычніка 2023 года крывавай датай для Блізкага Усходу. Ужо амаль год трываюць перамовы паміж Ізраілем і радыкальнай ісламскай групоўкай ХАМАС аб спыненні агню, і гэта здаецца бясконцасцю.

Ян Глінскі

“Кожны дзень сотні нявінных людзей гінуць або атрымліваюць сур’ёзныя раненні ў выніку масавых нападаў”, - адзначылі ў супольным звароце патрыярхі і іерархі Святой Зямлі, нагадаўшы, што немагчыма палічыць усіх тых, хто пакутуе з прычыны голаду, раненняў або інфекцыйных хвароб.

“Лідары ваюючых бакоў, здаецца, больш зацікаўлены палітычнымі меркаваннямі, чым спыненнем імкнення да смерці і разбурэння”, - падкрэслілі аўтары закліку. На іх думку, пастаянныя затрымкі ў перамовах разам з “іншымі правакацыйнымі дзеяннямі прывялі толькі да эскалацыі напружання, і да такой ступені, што мы знаходзімся на мяжы поўнамаштабнай рэгіянальнай вайны”.

Хрысціянскія лідары нагадалі, што дээскалацыі канфлікту, да якой заклікалі на міжнародным узроўні, так і не адбылося, і нанава заклікалі да спынення агню, што “пакладзе канец вайне, вызваліць усіх зняволеных...”

Аўтары звароту ўказалі на тэрміновую неабходнасць “распачаць дыпламатычныя перамовы для вырашэння даўно нявырашаных пытанняў”. На іх думку, канкрэтным крокам да справядлівага і трывалага міру на Блізкім Усходзе з’яўляецца “легітымнае міжнароднае прыняцце двухдзяржаўнага рашэння”.
 

31 жніўня 2024, 09:34