Выхаванцы Scholas Occurrentes падчас сустрэчы з Францішкам у Партугаліі Выхаванцы Scholas Occurrentes падчас сустрэчы з Францішкам у Партугаліі  (AFP or licensors)

Першая адукацыйная праграма Scholas Occurrentes у Інданезіі

Папская адукацыйная арганізацыя Scholas Occurrentes аб'явіла аб запуску сваёй першай праграмы ў Інданезіі. Яна будзе называцца Scholas Citizenship і ўключыць больш за 200 студэнтаў і прадстаўнікоў адукацыйных устаноў з многіх астравоў краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Scholas Occurrentes адзначае, што гэты ўнікальны праект з'яўляецца сапраўдным прарывам у сістэме адукацыі Паўднёва-Усходняй Азіі. На працягу апошніх месяцаў праводзілася навучанне групы студэнтаў і маладых настаўнікаў па ўкараненні інавацыйнай методыкі Scholas Occurrentes у іх супольнасцях. Гэты падыход мае на мэце надаць сэнс жыццю моладзі і адказаць на актуальныя патрэбы інданезійскага грамадства.

Падчас свайго запланаванага візіту ў Інданезію Папа Францішак сустрэнецца з вучнямі, уключанымі ў адукацыйную праграму, якая адлюстроўвае адзінства ў разнастайнасці і культуру сустрэчы.

У 2022 годзе Scholas Occurrentes быў запрошаны да ўдзелу ў саміце Вялікай дваццаткі на Балі. Падчас падзеі прадстаўнікі папскага фонду сустрэліся з сусветнымі лідарамі ў палітычнай, адукацыйнай і сацыяльнай сферах, прадставіўшы ім свой інавацыйны адукацыйны падыход.

Scholas Occurrentes заснавалі ў 2013 годзе па ініцыятыве Папы Францішка і пры падтрымцы вядомых футбалістаў Ліянеля Месі і Джанлуіджы Буфона. Сёння адукацыйная сетка ўключае больш за 400 тысяч устаноў у 190 краінах свету.
 

15 жніўня 2024, 10:36