Прэзідэнт Усходняга Тымора: візіт Папы – лагістычны выклік
Напярэдадні візіту Папы паўднёва-ўсходняя азіяцкая дзяржава Усходні Тымор сутыкнулася з вялізнымі выклікамі. Сярод іх – забеспячэнне вернікаў вадой і харчаваннем.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Аб велізарных лагістычных праблемах заявіў азіяцкаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву Ucanews прэзідэнт краіны Жазэ Рамуш-Орта. Аднак, па словах палітыка, яго суайчыннікі пачалі працаваць лепш пад ціскам часу.
Францішак прыбудзе ў сталіцу Дзілі 9 верасня 2024 года і застанецца на два дні. Чакаецца, што ўбачыць Папу прыедуць 700 тысяч чалавек – амаль кожны другі жыхар Усходняга Тымора. Насельніцтва краіны складае 1,34 мільёна чалавек, з якіх больш за 97 працэнтаў – католікі.
Паводле Праграмы развіцця ААН, больш за 40 працэнтаў жыхароў Усходняга Тымора жыве ніжэй за мяжу беднасці і пакутуе ад недахопу харчавання.
28 жніўня 2024, 09:50