У інтэрнаце школы-інтэрната ў Кеніі ў пажары загінулі 17 дзяцей У інтэрнаце школы-інтэрната ў Кеніі ў пажары загінулі 17 дзяцей 

Францішак моліцца за ахвяр пажару ў кенійскай школе

Папа выказаў глыбокі сум з нагоды трагедыі, якая адбылася ў пачатковай школе Хілсайд Эндараша (Hillside Endarasha Primary School) у кенійскай акрузе Ньеры. У выніку пажару ў навучальнай установе загінулі падлеткі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін ад імя Францішка накіраваў тэлеграму арцыбіскупу Ньеры Энтані Мухерыі. Пантыфік выказаў духоўную блізкасць усім, хто пацярпеў ад гэтай бяды, асабліва параненым і сем'ям загінулых.

Святы Айцец даручыў душы памерлых міласэрнасці Усемагутнага Бога і паабяцаў маліцца за персанал і грамадзянскія ўлады, якія працягваюць аказваць дапамогу. Ён выпрошвае Божае благаслаўленне сілы, міру і суцяшэння для ўсіх, каго закранула трагедыя.

Школа-інтэрнат Хілсайд Эндараша ў Кеніі
Школа-інтэрнат Хілсайд Эндараша ў Кеніі

Пажар успыхнуў каля паўночы 5 верасня 2024 года ў інтэрнаце пачатковай школы, калі вучні спалі. Ён забраў жыцці не менш за 17 дзяцей. Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, колькасць ахвяр можа павялічыцца, бо больш за дзесяць чалавек былі дастаўлены ў бальніцу з сур'ёзнымі апёкамі. Падрабязнасці здарэння высвятляюцца.

Гэта трагічная падзея зноў прыцягнула ўвагу да пытанняў бяспекі ў навучальных установах Кеніі і іншых афрыканскіх краін. Мясцовыя і міжнародныя арганізацыі заклікаюць да больш строгіх мер бяспекі і паляпшэння інфраструктуры ў школах для прадухілення такога роду трагедый у будучыні.
 

07 верасня 2024, 13:04