Падчас сустрэчы Папы з бельгійскімі студэнтамі Падчас сустрэчы Папы з бельгійскімі студэнтамі

Ліст бельгійскіх студэнтаў да Папы: экалогія і роўнасць

Універсітэцкая супольнасць Бельгіі звярнулася да Францішка з лістом, у якім закранаюцца пытанні экалогіі, роўнасці і будучыні маладога пакалення ў кантэксце экалагічнага крызісу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

28 верасня 2024 года падчас сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі Каталіцкага ўніверсітэта Лёвэна (UCLouvain), аднаго з найстарэйшых і найбуйнейшых франкамоўных універсітэтаў Бельгіі, заснаванага ў 1425 годзе, Папу быў перададзены ліст, які стаў вынікам калектыўнай працы прафесараў, маладых даследчыкаў і студэнтаў.

У ім абмяркоўваецца энцыкліка Laudato si' і закранаюцца пяць тэм: філасофскія і тэалагічныя карані кліматычнага крызісу, месца эмоцый і заангажаванасці, пытанне няроўнасці, становішча жанчын і стаўленне да стрыманасці і салідарнасці перад экалагічнай пагрозай.

“Як мы можам з упэўненасцю глядзець у будучыню, калі жыццё ва ўсёй сваёй разнастайнасці руйнуецца вакол нас?”

У лісце адзначаецца, што маладыя людзі асабліва востра адчуваюць трывогу за будучыню планеты. Яны сутыкаюцца з неабходнасцю планаваць сваё жыццё ва ўмовах, калі экалагічная катастрофа здаецца непазбежнай. Гэта выклікае пачуццё бяссілля і нават фізічнага задушэння.

“Адказ на экалагічны і сацыяльны крызіс не можа быць зведзены да шэрагу тэрміновых і частковых рашэнняў”

Аўтары ліста падкрэсліваюць неабходнасць глыбокіх змен у мысленні, палітыцы, адукацыі і духоўнасці для супрацьстаяння тэхнакратычнай парадыгме. Яны заклікаюць да крытычнага пераасэнсавання юдзэйска-хрысціянскай спадчыны і пошуку новых шляхоў узаемадзеяння з прыродай.

Асаблівую ўвагу ў лісце надаюць пытанню роўнасці і справядлівасці. Аўтары адзначаюць, што паўднёвыя краіны, якія найменш адказныя за выкіды парніковых газаў, найбольш пакутуюць ад наступстваў змены клімату. Яны таксама падымаюць пытанне пра месца жанчын у Касцёле і ў барацьбе за сацыяльную справядлівасць.

“Мы павінны працаваць над сістэмнымі зменамі, якія ўвядуць механізмы салідарнасці, што забяспечаць сацыяльную згуртаванасць і справядлівасць”

У заключнай частцы ліста падкрэсліваецца роля ўніверсітэтаў у вырашэнні экалагічных праблем. Аўтары заклікаюць да развіцця міждысцыплінарных падыходаў у навучанні і даследаваннях, а таксама да большага ўдзелу ўніверсітэтаў у грамадскіх ініцыятывах.

Ліст завяршаецца спасылкай на прыклад святога Францішка Асізскага, чый досвед жыцця ў беднасці і салідарнасці застаецца актуальным і ў сучасным свеце, які шукае больш справядлівыя спосабы жыцця ў агульным доме.
 

28 верасня 2024, 16:50