Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас  (AFP or licensors)

Нунцый у Кіеве пра цяжкасці ў вызваленні палонных і дзяцей

Апостальскі нунцый ва Украіне, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас, падзяліўся сваімі думкамі з Vatican News пра ролю Касцёла ў краіне, якая змагаецца з расійскай агрэсіяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Я сам не ведаю, як людзі, чые блізкія праходзяць праз пекла расійскага палону, могуць спаць па начах. Я таксама адчуваю расчараванне, калі бачу, як мала нам удаецца дасягнуць у справе вызвалення ўкраінскіх вязняў і дзяцей," - прызнаўся іерарх.

Кульбокас падкрэсліў, што ў такой сітуацыі галоўная задача Касцёла – несці святло Евангелля сярод цемры. Ён адзначыў важнасць духоўнай і псіхалагічнай падтрымкі народа. Гэта датычыцца і вайсковых капеланаў, якія, знаходзячыся ў зоне баявых дзеянняў, з'яўляюцца для салдат голасам сумлення.

"Сапраўды, вайна жорсткая, але важна, каб пры прыняцці рашэнняў гучаў і голас святара, які пытаецца ў камандзіраў, ці правільнае іх рашэнне, бо яно датычыцца жыцця людзей," - дадаў нунцый.

Паводле яго слоў, яшчэ больш складаная задача – малітва за мір і, асабліва, за агрэсара. Ён спаслаўся на вучэнне святога Яна Златавуста, які нагадваў, што ахвяра вайны можа страціць зямное жыццё, а агрэсар губляе жыццё вечнае. Таму Касцёл павінен маліцца за тых, хто напаў на Украіну і выклікаў гэтую вайну, бо менавіта яны знаходзяцца ў безнадзейным становішчы.

Ватыканскі дыпламат прызнаўся, што падчас гэтай вайны ён зразумеў, як мала, нягледзячы на шматлікія намаганні, можа зрабіць. Як прыклад ён прывёў украінскіх вязняў і дзяцей, якія не могуць вярнуцца з Расіі да сваіх бацькоў ва Украіне.

"Мы робім так шмат, а вынікі вельмі сціплыя. Гэта вельмі расчароўвае, а спачатку было нават шакіруючым," - падзяліўся арцыбіскуп Кульбокас. Аднак ён дадаў, што ніколі нельга здавацца, і што сам ён вучыцца ў гэты час, як падыходзіць да праблем, якія здаюцца невырашальнымі.

Нягледзячы на цяжкасці, нунцый заклікаў не губляць надзеі і працягваць намаганні па дасягненні міру і дапамозе пацярпелым ад вайны.
 

23 верасня 2024, 11:53